Пошук

31.08.2020 09:44   Паводле: Vatican News
Фота: The Catholic Register

Не скарацца перад абліччам выпрабаванняў і пакутаў, якія прадугледжвае сведчанне Евангелля, пажадаў вернікам Пантыфік падчас сустрэчы з імі на малітве «Анёл Панскі» 30 жніўня ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім апавядаецца, як пасля вызнання Пятром ад імя ўсіх апосталаў веры ў Езуса як у Месію і Божага Сына Хрыстус пачаў казаць ім пра сваю муку (Мц 16, 21-27).

Па дарозе ў Ерузалем Ён адкрыта тлумачыў сваім сябрам тое, што Яго чакае ў святым горадзе: Ён прадвясціў сваю таямніцу смерці і ўваскрасення, прыніжэння і хвалы. Ён казаў, што павінен будзе «шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць» (Мц 16, 21).

«Але Яго словы не былі зразуметыя, бо вучні мелі яшчэ нясталую веру і вельмі звязаную з ментальнасцю гэтага свету (пар. Рым 12, 2). Яны думалі пра перамогу, але вельмі „зямную“, таму не разумелі мовы крыжа», — падкрэсліў Папа.

Перад абліччам перспектывы паразы і смерці Езуса на крыжы Пётр абурыўся і сказаў: «Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою» (Мц 16, 22). Пётр быў такім: верыў у Езуса, прагнуў ісці за Ім, але не прымаў таго, што Яго хвала пралягае праз муку.

«Для Пятра і іншых апосталаў — але таксама і для нас! — крыж — гэта штосьці нязручнае, гэта „скандал“, у той час як Езус лічыць „скандалам“ пазбяганне крыжа, што азначае пазбяганне волі Айца, місіі, якую Ён нам даверыў дзеля нашага збаўлення.

Таму Езус адказаў Пятру: „Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае“ (Мц 16, 23)», — нагадаў Пантыфік.

Затым, звяртаючыся да ўсіх, Езус дадаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною» (Мц 16, 24). Такім чынам Ён указвае шлях сапраўднага вучня, паказваючы дзве паставы.

«Першая — „адрачэнне ад сябе“. Гэта не значыць павярхоўнае адрачэнне, але навяртанне, перамяненне ў разуменні каштоўнасцяў. Іншая пастава — нясенне ўласнага крыжа. Гаворка ідзе не толькі пра тое, каб з цярплівасцю зносіць штодзённыя турботы, але каб з верай і адказнасцю несці тую частку цяжкасцяў і пакутаў, якія прадугледжвае барацьба са злом. Жыццё хрысціянаў — гэта заўсёды барацьба. Біблія кажа, што жыццё верніка — гэта змаганне, змаганне са злым духам, змаганне са злом», — адзначыў Святы Айцец.

Так «нясенне крыжа» становіцца ўдзелам з Хрыстом у збаўленні свету. «Думаючы пра гэта, мы робім так, што крыж, які вісіць на сцяне дома, ці маленькі крыжык, які носім на грудзях, ператвараецца ў знак жадання далучыцца да Хрыста ў служэнні з любоўю братам, асабліва самым малым і ўразлівым. Крыж — гэта святы знак Божай любові і ахвяры Езуса. Ён не павінен зводзіцца да аб’екта, які абараняе ад сурокаў, ці да дэкаратыўнага ўпрыгожвання.

Кожны раз, калі ўглядаемся ў вобраз укрыжаванага Хрыста, будзем думаць пра Яго, як пра сапраўднага Слугу Пана, які споўніў сваю місію, аддаючы жыццё, праліваючы сваю кроў дзеля адкуплення грахоў.

Як наступства, калі хочам быць Яго вучнямі, мы пакліканы наследаваць Яго, аддаючы без лішкаў наша жыццё дзеля любові да Бога і бліжняга», — сказаў Папа.

«Няхай Панна Марыя, з’яднаная са сваім Сынам аж да Кальварыі, дапаможа нам не скарацца перад абліччам выпрабаванняў і пакутаў, якія прадугледжвае сведчанне Евангелля для ўсіх нас», — завяршыў сваё разважанне Святы Айцец.

Абноўлена 31.08.2020 09:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа