Пошук

26.08.2020 14:00   Паводле: Vatican News
Фота: National Catholic Reporter

На агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 26 жніўня Пантыфік адзначыў, што ў выніку пандэміі і яе сацыяльных наступстваў многія рызыкуюць згубіць надзею. Па словах Папы, крызіс выявіў і абвастрыў сацыяльныя праблемы, асабліва праблему няроўнасці паміж людзьмі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у чацвёртай катэхезе пра наступствы пандэміі каранавірусу пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў прыняць дар надзеі, крыніцай якой з’яўляецца Хрыстус. «Гэта Ён дапамагае нам плысці па неспакойных водах хваробы, смерці і несправядлівасці, якія не маюць апошняга слова ў нашым канчатковым лёсе», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што пандэмія выявіла і абвастрыла сацыяльныя праблемы, асабліва праблему няроўнасці паміж людзьмі: няроўнасці, звязаныя з магчымасцю працягваць працу, атрымліваць адукацыю, няроўнасць у валоданні рэсурсамі, неабходнымі для выйсця з надзвычайнай сітуацыі.

«Гэтыя сімптомы няроўнасці сведчаць пра сацыяльную хваробу: гэта вірус, крыніцай якога з’яўляецца хворая эканоміка.

Мы павінны проста сказаць гэта: эканоміка — хворая. Яна з’яўляецца плёнам развіцця эканомікі несправядлівай, якая абстрагуецца ад фундаментальных чалавечых каштоўнасцяў.

У сучасным свеце невялікая колькасць багатых мае ва ўласнасці больш, чым усё астатняе чалавецтва (…). Гэта несправядлівасць, якая ўсклікае да неба!» — адзначыў Пантыфік.

Паводле Папы Францішка, актуальная эканамічная мадэль з’яўляецца абыякавай да экалогіі. Чалавецтва набліжаецца да вычарпання магчымасцяў «нашай цудоўнай планеты, з цяжкімі і незваротнымі наступствамі: ад страты біяразнастайнасці і кліматычных змен да павышэння ўзроўню мора і знішчэння трапічных лясоў».

«Сацыяльная няроўнасць і заняпад асяроддзя звязаны паміж сабой і маюць адзіны кораць: грэх прагнасці і панавання над братамі і сёстрамі, прыродай і самім Богам. Але задума стварэння была не такой», — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў да «адносін узаемнай адказнасці» паміж людзьмі і прыродай.

«Кожная супольнасць можа ўзяць з рэсурсаў зямлі тое, што неабходна для існавання, але мае таксама абавязак ахоўваць яе», — падкрэсліў ён. «Зямля існавала раней за нас» і была дадзена Богам «усяму роду чалавечаму», адзначыў Папа. Такім чынам, наш абавязак — рабіць так, каб яе плёны даставаліся ўсім, а не толькі некаторым з людзей, і гэта ключавы элемент нашых адносін з зямнымі рэсурсамі, дадаў ён.

Папа заклікаў палітычныя ўлады рэгуляваць законнае ажыццяўленне права на ўласнасць. Прынцып падпарадкавання прыватнай уласнасці паўсюднаму размеркаванню дабротаў з’яўляецца ўніверсальным правілам яе выкарыстання, гэта «залатое правіла» грамадскіх паводзін, а таксама «першакрыніца ўсяго сацыяльна-этычнага ладу», нагадаў Святы Айцец.

«Уласнасць і грошы — гэта прылады, якія могуць служыць місійнай дзейнасці. Але мы з лёгкасцю ператвараем іх у мэту, індывідуальную ці калектыўную. І калі так адбываецца, парушаюцца галоўныя чалавечыя каштоўнасці. Homo sapiens дэфармуецца і становіцца пэўнага роду homo œconomicus — у горшым сэнсе гэтага слова — індывідуалістычным, карысталюбным і дамінуючым.

Мы забываемся, што, застаючыся створанымі на вобраз і падабенства Бога, мы з’яўляемся сацыяльнымі, творчымі і салідарнымі істотамі, з бязмежнай здольнасцю любіць.

Фактычна мы з’яўляемся істотамі, якія найбольш сярод усіх відаў супрацоўнічаюць паміж сабой, і расцвітаем у супольнасці, што добра бачна на прыкладзе святых», — сказаў Папа.

«Калі прага валодання і панавання пазбаўляе мільёны людзей першасных дабротаў; калі эканамічная і тэхналагічная няроўнасць разрывае сацыяльную тканку; і калі залежнасць ад бязмежнага матэрыяльнага прагрэсу пагражае супольнаму дому, мы не можам проста стаяць і глядзець на гэта», — сцвердзіў Пантыфік.

З позіркам, скіраваным на Езуса, і ўпэўненасцю ў тым, што Яго любоў дзейнічае праз супольнасць Яго вучняў, Папа заклікаў вернікаў працаваць разам, спадзеючыся стварыць штосьці іншае і лепшае.

«Хрысціянская надзея, укаранёная ў Богу, — гэта наш якар. Яна падтрымлівае волю да дзялення, умацоўваючы сілу місіі вучняў Хрыста, які раздзяліў усё з намі», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла і дадаў, што гэта разумелі ў першых хрысціянскіх супольнасцях.

«Пандэмія ўвяла ўсіх нас у крызіс.

Але памятайце: з крызісу нельга выйсці, не змяніўшыся. Мы выйдзем з яго лепшымі ці горшымі: гэта выбар, які стаіць перад намі.

Ці мы працягнем пасля крызісу жыць з гэтай эканамічнай сістэмай сацыяльнай несправядлівасці і пагарды да клопату аб навакольным асяроддзі, стварэнні, супольным доме? Падумаем пра гэта!» — запрасіў Святы Айцец.

Напрыканцы ён заклікаў звярнуць увагу на сітуацыю самых малых. «Колькі дзяцей сёння галадаюць з прычыны дрэннага размеркавання багаццяў, з прычыны эканамічнай сістэмы, колькі з іх сёння не маюць права на школу па той жа прычыне... Няхай гэты вобраз дзяцей, якія знаходзяцца ў патрэбе з прычыны голаду і адсутнасці адукацыі, дапаможа нам зразумець, што мы павінны выйсці з гэтага крызісу лепшымі», — завяршыў сваё разважанне Пантыфік.

Абноўлена 26.08.2020 14:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа