Справы салідарнасці не павінны адрываць нас ад кантакту з Езусам Хрыстом, нагадаў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якая 23 жніўня прайшла ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што Евангелле на гэтую нядзелю (пар. Мц 16, 13-20) звяртае ўвагу на вызнанне Пятром сваёй веры ў Хрыста як у Месію і Божага Сына. «Да гэтага вызнання апостала падштурхнуў сам Езус, які хоча прывесці сваіх вучняў да здзяйснення рашучага кроку ў іх адносінах з Ім. Сапраўды, усё пілігрымаванне Езуса з Яго паслядоўнікамі, асабліва з Дванаццаццю — гэта шлях іх выхавання ў веры», — сказаў Папа.
Спачатку Хрыстус спытаў: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» (Мц 16, 13). Вучні нібыта пачалі спаборнічаць у прадстаўленні розных меркаванняў, якія, магчыма, у большасці падзялялі, бо Езус з Назарэта галоўным чынам лічыўся прарокам (Мц 16, 14).
Другім пытаннем Хрыстус закрануў іх за жывое: «А вы кім лічыце Мяне?» (Мц 16, 15).
Паводле Папы, тут на пэўны момант магло наступіць маўчанне, бо кожны з прысутных быў пакліканы ўключыцца ў гульню і паказаць, чаму ён ідзе за Езусам. Па гэтай прычыне пэўнае ваганне было цалкам зразумелым.
«Са стану збянтэжанасці іх вывеў Пётр, які з запалам заявіў: „Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога“. Гэты адказ, настолькі поўны і светлы, не быў толькі вынікам яго шчырасці, бо Пётр быў шчырым чалавекам, але плёнам асаблівай ласкі Нябеснага Айца: „Не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах“ (Мц 16,17)», — падкрэсліў Пантыфік.
Езус прызнаў адкрытасць Сымона на натхненне ласкі і таму ўрачыстым тонам дадаў: «Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18). Гэтым сцвярджэннем Ён даў зразумець Сымону сэнс яго новага імя — «Пётр»: вера, якую ён толькі што прадэманстраваў, – «непарушны „камень“, на якім Божы Сын хоча будаваць свой Касцёл, гэта значыць Супольнасць».
«Сёння мы чуем, як да кожнага з нас скіравана пытанне Езуса: „А вы кім лічыце Мяне?“
Гаворка ідзе пра тое, каб даць не тэарэтычны адказ, але той, у якім задзейнічана вера, гэта значыць жыццё, бо вера — гэта жыццё!»
— сказаў Папа.
Гэты адказ, па яго словах, патрабуе таксама ад нас, як ад першых вучняў, слухання ўнутранага голасу Айца і сугучнасці з голасам Касцёла, згуртаванасці вакол Пятра. «Гаворка ідзе пра тое, каб зразумець, кім для нас ёсць Хрыстус: ці з’яўляецца Ён цэнтрам нашага жыцця і мэтай кожнага нашага высілку ў Касцёле і грамадстве?» — дадаў Пантыфік.
Папа пажадаў, каб каталіцкія супольнасці былі адкрытыя на шматлікія формы беднасці і надзвычайныя сітуацыі. «Любоў — заўсёды галоўны шлях удасканалення ў веры. Але неабходна, каб справы салідарнасці не адрывалі нас ад кантакту з Езусам Хрыстом.
Хрысціянская любоў — гэта не проста філантропія, а, з аднаго боку, позірк на іншага вачыма Езуса, а з іншага — бачанне Езуса ў абліччы беднага»,
— сказаў Святы Айцец.
«Няхай Найсвяцейшая Марыя, якая шчаслівая, бо паверыла, будзе нашым правадыром і прыкладам на шляху веры ў Хрыста і няхай зробіць нас свядомымі таго, што давер да Яго напаўняе сэнсам нашу любоў і ўсё наша жыццё», — завяршыў сваё разважанне Пантыфік.