Пошук

19.08.2020 15:57   Паводле: Vatican News
Фота Corriere Roma

Вера, надзея і любоў падштурхоўваюць да падтрымкі бедных, бо яны найбольш пацярпелі ад эпідэміялагічнага крызісу, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 19 жніўня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастыр паўсюднага Касцёла прысвяціў чарговую, ужо трэцюю, катэхезу наступствам распаўсюджвання COVID-19.

«Пандэмія зрабіла відавочнай складаную сітуацыю бедных і вялікую няроўнасць, якая пануе ў свеце. Вірус, не робячы адрозненняў паміж людзьмі, сустрэў на сваім знішчальным шляху сур’ёзныя праявы няроўнасці і дыскрымінацыі. І пашырыў іх», — падкрэсліў ён.

Паводле Папы, адказ на сітуацыю павінен мець двайны характар. З аднаго боку, трэба знайсці сродкі «ад малога, але жудаснага вірусу, які паставіў на калені ўвесь свет», а з іншага — змагацца з «вялікім вірусам сацыяльнай несправядлівасці, няроўнасці магчымасцяў, маргіналізацыі і адсутнасці абароны самых слабых».

Святы Айцец заклікаў кіравацца прынцыпам выбару на карысць бедных, які носіць не палітычны ці ідэалагічны характар, але знаходзіцца ў самым сэрцы Евангелля.

Першым яго зрабіў Езус.

«Сам Хрыстус, Які ёсць Богам, пазбавіў сябе ўсяго, стаўшы падобным да людзей. Ён выбраў не прывілеяванае жыццё, а стан слугі. Ён нарадзіўся ў простай сям’і і працаваў як рамеснік. Ад пачатку свайго прапаведавання абвяшчаў, што ў Божым Валадарстве ўбогія з’яўляюцца шчаслівымі. Ён быў сярод хворых, бедных і адчужаных, паказваючы ім любоў міласэрнага Бога», — нагадаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што паслядоўнікаў Езуса можна распазнаць па іх блізкасці да бедных, малых, хворых, вязняў, адчужаных і забытых, людзей, пазбаўленых ежы і вопраткі.

«Гэта ключавы крытэрый хрысціянскай сапраўднасці. (...) Некаторыя памылкова думаюць, што выбар на карысць бедных з’яўляецца заданнем толькі для некаторых людзей, але на самой справе – гэта місія ўсяго Касцёла, як казаў святы Ян Павел ІІ. Кожны хрысціянін і кожная супольнасць пакліканы быць Божымі прыладамі вызвалення і падтрымкі бедных», — сцвердзіў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што вера, надзея і любоў абавязкова падштурхоўваюць да выбару на карысць самых патрабуючых, які перавышае паняцце простай дапамогі.

Трэба крочыць разам, дазволіць бедным евангелізаваць нас, «заражаць» нас сваім досведам збаўлення, сваёй мудрасцю і крэатыўнасцю.

Ён звярнуў увагу на тое, што сёння ўсіх людзей хвалююць наступствы пандэміі. Многія жадаюць вярнуцца да нармальнага жыцця і аднавіць эканамічную дзейнасць. Ён пажадаў, каб гэтае «нармальнае жыццё» не ўключала сацыяльную несправядлівасць і знішчэнне навакольнага асяроддзя. «Сёння мы маем магчымасць будаваць штосьці іншае», — заўважыў Папа.

Святы Айцец лічыць, што свету патрэбная «эканоміка інтэгральнага развіцця бедных», здольная ствараць годныя працоўныя месцы і клапаціцца аб навакольным асяроддзі.

Ён заклікаў дапамагчы бедным атрымаць доступ да вакцыны ад COVID-19 і не канцэнтраваць эканамічную падтрымку за кошт бюджэтных сродкаў на дапамозе вытворчасці, «якая не спрыяе ўключэнню адчужаных, падтрымцы апошніх, агульнаму дабру і клопату пра стварэнне».

«Па прыкладзе Езуса, лекара цэласнай Боскай любові, якая дбае пра фізічнае, сацыяльнае і духоўнае аздараўленне (…), мы павінны дзейнічаць ужо зараз, каб перамагаць эпідэміі, выкліканыя малымі і нябачнымі вірусамі, а таксама вялікімі і бачнымі праявамі сацыяльнай несправядлівасці.

Я прапаную рабіць гэта абапіраючыся на Божую любоў, ставячы перыферыі ў цэнтр, а апошніх на першае месца», — сказаў Пантыфік, падсумоўваючы свае разважанні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа