Калі не станем клапаціцца адзін пра аднаго, пачынаючы з тых, каго пандэмія закранула найбольш моцна, не зможам вылечыць свет, перасцярог Папа Францішак 12 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных тэме пандэміі і разважанню пра свет у паслякрызісны перыяд.
Папа заўважыў, што каранавірус — не адзіная хвароба, з якой трэба змагацца, бо пандэмія выявіла больш шырокія сацыяльныя паталогіі, сярод якіх скажонае бачанне чалавека, стаўленне да яго як да рэчы, якой можна пакарыстацца, каб потым выкінуць, ігнараванне яго годнасці і сацыяльнай прыроды.
«Такі погляд асляпляе і правакуе індывідуалістычную і агрэсіўную культуру адчужэння, якая ператварае чалавечую асобу ў спажывецкі тавар», — сцвердзіў Святы Айцец.
Ён нагадаў, што Бог надаў чалавеку непаўторную годнасць і запрасіў да адзінства з Ім і нашымі братамі і сёстрамі, надзяліў здольнасцю даваць і абараняць жыццё, апрацоўваць зямлю і клапаціцца пра яе. Таксама і Езус вучыць служыць і ахвяраваць жыццё дзеля іншых (пар. Мц 20, 20–28).
Неад’емнасць чалавечай годнасці, створанай паводле вобразу Бога, падкрэсліў Другі Ватыканскі Сабор, а выразам гэтага прынцыпу ў сучаснай культуры стала Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
«Гэта абноўленае ўсведамленне годнасці кожнага чалавека мае сур’ёзныя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя наступствы», — адзначыў Папа.
Успрыманне іншага чалавека і ўсяго стварэння як дару Айцоўскай любові выклікае праяўленне ўвагі, клопату і захаплення; стаўленне да бліжняга як да брата становіцца крыніцай спагады і спачування; сузіранне наваколля ў святле веры дапамагае развіваць уласную крэатыўнасць і энтузіязм, каб вырашаць драматычныя сітуацыі гісторыі. Чалавек пачынае ўспрымаць і развіваць свае здольнасці ў святле адказнасці як Божыя дары, прызначаныя на служэнне чалавецтву і стварэнню, — патлумачыў Папа Францішак.
«У той час, як мы працуем дзеля лячэння вірусу, які закранае ўсіх без выключэння, вера кліча нас да сур’ёзных і актыўных намаганняў для супрацьстаяння абыякавасці перад абліччам парушэнняў годнасці чалавека», — сказаў Святы Айцец.
Ён нагадаў, што «вера заўсёды патрабуе нашага дазволу на тое, каб быць вылечанымі і вызваленымі ад нашага індывідуалізму, асабістага і калектыўнага».
Папа Францішак пажадаў, каб Пан вярнуў нам зрок для таго, «каб мы ўбачылі, што значыць быць членамі чалавечай сям’і», і «каб гэтае бачанне ўвасобілася ў канкрэтных учынках спагадлівасці і павагі да кожнага чалавека, клопату і абароны нашага агульнага дома».
Святы Айцец таксама нагадаў пра хуткую ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і запрасіў да глыбокага яе перажывання.
«Праз некалькі дзён мы будзем адзначаць свята Унебаўзяцця Марыі, якое адкрывае нам узвышаную годнасць, якую Бог надаў чалавеку. Будзем прасіць Пана аб ласцы пакоры Ягонай Слугі, каб Ён мог рабіць вялікія справы і ў нас», — сказаў Святы Айцец.
Папа даручыў католікаў і іх сем’і матчынаму заступніцтву Багародзіцы і запрасіў зрабіць Яе арыенцірам у пілігрымцы да паўнаты Хрыстовых абяцанняў.
Завяршаючы традыцыйную сустрэчу з вернікамі, Папа папрасіў усіх, хто сачыў за трансляцыяй з Прыватнай бібліятэкі Апостальскага палацу, да малітвы за яго.