З 11 жніўня калекцыянеры маюць магчымасць набыць афіцыйны медаль VIII года пантыфікату Папы Францішка. Выпуск прысвечаны 150-годдзю абвяшчэння святога Юзафа апекуном Паўсюднага Касцёла.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, такія памятныя медалі штогод выдаюцца абмежаваным тыражом у залатой, срэбранай і бронзавай версіях. Святы Айцец уручае іх у розных выпадках, напрыклад, падчас сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, якіх прымае з афіцыйнымі візітамі ў Ватыкане. Некаторыя з іх калекцыянеры могуць набыць у кнігарнях Ватыканскага выдавецтва.
На аверсе медаля выява герба Святога Айца, імя Папы і год пантыфікату, а таксама імя і прозвішча мастака, які яго распрацаваў. На гурце змешчаны надпіс E Civitate Vaticana (З горада Ватыкана) і серыйны нумар.
На рэверсе выява святога Юзафа, які на адной руцэ трымае Дзіцятка Езуса, а ў другой руцэ — кветку лілеі.
Паўсюдны Касцёл прадстаўлены базылікай святога Пятра, якую можна ўбачыць на заднім фоне. Ніжэй змешчаны лацінскі надпіс «Ты будзеш над маім домам» з Кнігі Быцця: словы, якія фараон сказаў старазапаветнаму Юзафу, даючы яму поўную ўладу над Егіптам.
Кожны медаль суправаджаецца нумараваным пасведчаннем з пячаткамі Дзяржаўнага сакратарыята і Італьянскага манетнага двара. Усяго было выраблена 30 камплектаў з трох металаў, 30 залатых, 1,5 тыс. срэбраных і 3 тыс. бронзавых.