Давяраць Богу заўсёды, асабліва ў гадзіну выпрабаванняў і непакою, заклікаў Папа 9 жніўня ў разважанні да малітвы «Анёл Панскі». Ён нагадаў, што вера — гэта звернутае да Бога сэрца.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падставай да разважання стала Евангелле ХІХ звычайнай нядзелі (Мц 14, 22-33), якое распавядае пра Хрыста, які ідзе па водах бурлівага возера. Накарміўшы натоўп пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі, Збаўца загадвае вучням сесці ў човен і вярнуцца на другі бераг. Сам жа адпускае людзей, а потым ідзе, каб памаліцца ў самоце, «паглыбіцца ў зносіны з Айцом».
Пантыфік нагадаў, што падчас начнога перасячэння возера лодка вучняў была заблакавана раптоўнай бурай. Яны ўбачылі асобу, якая ішла да іх па вадзе. У шоку апосталы падумалі, што гэта прывід, і закрычалі ад страху. Езус супакойвае іх: «Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся!» Тады Пётр адказвае: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». І Езус кажа яму: «Ідзі!» Пётр выходзіць з лодкі і робіць некалькі крокаў, а калі вецер і хвалі палохаюць яго, пачынае тануць. «Пане, ратуй мяне!» — крычыць ён. Езус бярэ яго за руку і кажа: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?»
«Гэтая гісторыя — запрашэнне давяраць Богу ў кожны момант нашага жыцця, асабліва ў гадзіну выпрабаванняў і непакою.
Калі мы адчуваем моцныя сумневы і страх і нам здаецца, што ідзём на дно, не трэба саромецца крычаць, як Пётр: “Пане, ратуй мяне!”»
— заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец запрасіў паразважаць пра жэст Хрыста — Яго працягнутую руку: «Езус — гэта рука Айца, якая ніколі не адпускае нас. Моцная і верная рука Айца, які заўсёды і выключна хоча карысці для нас. Бог — гэта не ўраган, не агонь, не землятрус, як гаворыцца ў сённяшнім аповедзе пра прарока Іллю. Бог — ціхі вецер, які не навязвае сябе, але просіць слухаць (1 Вал 19, 11-13)».
«Верыць — гэта ў разгар буры трымаць сваё сэрца звернутым да Бога, да Яго любові, да Яго пяшчоты як Айца. Езус хацеў навучыць гэтаму Пятра і вучняў, а таксама і нас сёння. Ён добра ведае, што наша вера слабая (...) і што на нашым шляху могуць узнікаць буры і перашкоды, учыненыя неспрыяльнымі сіламі. Але Ён — Уваскрослы, Пан, які перамог смерць, каб прывесці нас да збаўлення. Яшчэ перад тым, як мы пачнём Яго шукаць, Ён ужо побач з намі. І падняўшыся з нашых падзенняў, гэта прымушае нас расці ў веры», — адзначыў Папа.
«Лодка ў буры — гэта вобраз Касцёла, які ў кожную эпоху сутыкаецца з вятрамі, часам вельмі цяжкімі выпрабаваннямі: тут варта ўзгадаць пра выпадкі доўгага і горкага пераследу мінулага стагоддзя і цяперашняга часу.
У гэтых сітуацыях можа з’явіцца спакуса падумаць, што Бог пакінуў нас. Але на самой справе менавіта ў гэтыя хвіліны сведчанне веры, любові і надзеі найбольш яскравае.
Менавіта прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў Яго Касцёле дае ласку сведчання аж да мучаніцкай смерці, з якой прарастаюць новыя хрысціяне і плён згоды і міру для ўсяго свету», — заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік завяршыў сваё разважанне зваротам да Багародзіцы: «Няхай заступніцтва Марыі дапаможа нам захоўваць веру і братэрскую любоў, калі цемра і буры жыцця падрываюць наш давер да Бога».