Пошук

03.08.2020 15:21   Паводле: Vatican News
Фота Catholic Outlook

2 жніўня ў разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане Папа Францішак звярнуў увагу на чужыя біблейскай традыцыі матэрыялізм і спірытуалізм і роднае для хрысціянаў спачуванне.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец разважаў над евангельскай гісторыяй аб памнажэнні хлябоў (Мц 14, 13-21). Ён адзначыў, што падзея адбылася ў пустынным месцы, куды Езус адправіўся са сваімі вучнямі, аднак людзі даведаліся пра іх месцазнаходжанне і прыйшлі паслухаць Яго. Таму апосталы, «практычныя людзі», хваляваліся і прасілі Хрыста адпусціць людзей, каб тыя паклапаціліся пра ежу для сябе. Ён жа адказаў: «Вы дайце ім есці».

«Уявіце сабе твары вучняў! Езус вельмі добра ведае, што зараз зробіць, але хоча змяніць іх падыход: не кажыце: адпусці іх, хай паклапоцяцца пра сябе, знойдуць што-небудзь паесці, але спытайце: што дае нам Провід для таго, каб падзяліцца?» — заўважыў Папа.

Па словах Пантыфіка, як учора, так і сёння Езус хоча выхоўваць сваіх вучняў на аснове Божай логікі: «браць на сябе цяжар іншага», «не ўмываць рукі», «не адводзіць позірк».

Выраз «няхай яны клапоцяцца пра сябе», як дадаў пастыр паўсюднага Касцёла, «не належыць да хрысціянскага лексікону».

Папа нагадаў, што, калі адзін з іх «з рэалізмам» сказаў: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы», Езус даў свой адказ: «Прынясіце іх Мне сюды. Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу». І гэтага аказалася дастаткова, каб накарміць тысячы людзей.

«Сваім жэстам Езус раскрывае ўласную сілу, не тэатральна, але як знак міласэрнай любові, шчодрасці Бога Айца адносна сваіх стомленых і патрабуючых дзяцей. Ён пагружаны ў жыццё свайго народу, разумее яго стомленасць і абмежаванасць, але не дазваляе нікому згубіцца ці ўпасці: Ён сілкуе сваім словам і дае дастатковую ежу для фізічнай падтрымкі», — звярнуў увагу Святы Айцец.

Паводле Пантыфіка, у гэтым евангельскім аповедзе мы бачым відавочную спасылку на Найсвяцейшую Эўхарыстыю, але і на «цесную сувязь паміж Эўхарыстычным хлебам, ежай вечнага жыцця, і штодзённым хлебам, неабходным для зямнога існавання». Перш чым прынесці сябе ў ахвяру як хлеб збаўлення, Езус дае ежу тым, хто ідзе за Ім.

«Часам супрацьпастаўляюць дух і матэрыю, але насамрэч спірытуалізм, як і матэрыялізм, чужыя для Бібліі. Гэта не біблейская мова»,

— адзначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што Езусава спачуванне да людзей — гэта не сентыменталізм, а «канкрэтная праява любові, якая бярэ на сябе патрэбы людзей». І мы закліканы да такога ж падыходу: звязваць Эўхарыстыю са спачуваннем да іншых, паколькі спачуванне — гэта не «чыста матэрыяльнае пачуццё». Пастыр паўсюднага Касцёла рэкамендаваў вернікам не забываць гэтае слова, звязанае з «провіднай любоўю Айца».

«Няхай Найсвяцейшая Дзева Марыя дапаможа нам ісці па шляху, які сёння ў Евангеллі паказвае нам Пан. Гэта шлях братэрства, які мае важнае значэнне для пераадолення беднасці і пакут у свеце, асабліва ў цяперашні цяжкі перыяд, і накіроўвае нас за межы свету, таму што гэта шлях, які пачынаецца з Бога і завяршаецца на Богу», — падсумаваў Папа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.