Пошук

30.07.2020 10:11   Паводле: Vatican News / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Іguzzini.com

Папа Францішак патэлефанаваў да маці, якая ў аўтамабільнай аварыі страціла сына, каб суцешыць і падтрымаць жанчыну.

Так Святы Айцец адрэагаваў на ліст, які яна яму даслала, распавёўшы ў ім пра трагедыю сваёй сям’і і выкліканы ёю крызіс веры.

Пра гэта 29 ліпеня паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News.

21-гадовы Фабрыцыё Бітэта трагічна загінуў у кастрычніку мінулага года. «Месяцы пасля яго смерці сталі самым чорным перыядам майго жыцця. Я раззлавалася на Бога, прыбрала з дома крыж. Пакінула толькі фігурку Маці Божай, бо Яна ведае, што значыць страціць Сына», — кажа Чынцыя, дадаючы, што пра ўсё гэта напісала Папу Францішку. Акрамя таго, яна папрасіла яго аб малітоўнай падтрымцы і сустрэчы.

Святы Айцец некалькі разоў спрабаваў датэлефанавацца да жанчыны, а калі, нарэшце, яму гэта ўдалося, ён сказаў, што размаўляе з ёю, гледзячы на здымак яе сына, які яна ўклала ў ліст.

«Я яму казала пра наш боль, пра бунт супраць Бога. Ён не асуджаў; сказаў, што гэта нармальна, што час загоіць рану. Паабяцаў, што будзе за нас маліцца, і сам папрасіў аб малітве», — распавяла Чынцыя. Яна прызналася, што размова са Святым Айцом стала для яе і яе мужа праменьчыкам надзеі.

Папа паабяцаў сужонкам, што, як толькі скончацца абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, ён запросіць іх у Ватыкан на супольную малітву.

Абноўлена 30.07.2020 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа