Сваё разважанне перад малітвай «Анёл Панскі» ў нядзелю 26 ліпеня Папа прысвяціў дзвюм прыпавесцям пра Валадарства Нябеснае з Евангелля паводле Мацвея (13, 44–52).
Як адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла, словы якога прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Езус — гэта схаваны скарб і каштоўная пярліна.
Ён заўважыў, што «рэакцыя тых, хто знайшоў пярліну і скарб, практычна супадае»: абодва «прадаюць усё, каб купіць самае дарагое цяпер для іх».
«З дапамогай дзвюх прыпавесцяў Езус прапануе нам уключыцца ў будаўніцтва Валадарства Нябеснага, гаворачы пра адну з яго асноўных рысаў: людзі, якія цалкам прысвячаюць сябе Валадарству, гатовыя паставіць на яго ўсё. (...)
З гэтага можна зрабіць выснову, што пабудова Валадарства патрабуе не толькі ласкі Божай, але і актыўнай гатоўнасці чалавека»,
— сказаў Пантыфік.
Па словах Папы, дзеянні чалавека, што знайшоў скарб, і купца, якія імкнуцца набыць больш каштоўнае, пазбаўляючыся сваёй маёмасці, з’яўляюцца рашучымі і радыкальнымі. Больш за тое, яны робяць гэта з радасцю.
«Мы закліканы прыняць стаўленне гэтых дзвюх евангельскіх асобаў, каб таксама стаць актыўнымі шукальнікамі Валадарства Нябеснага. Гаворка ідзе пра тое, каб адмовіцца ад цяжару нашых мірскіх гарантый, якія перашкаджаюць нам шукаць і будаваць Валадарства: прагі валодання, прагі прыбытку і ўлады, мыслення толькі пра сябе», — сказаў Папа.
На думку Пантыфіка, «у наш час жыццё некаторых людзей можа быць пасрэдным і сумным, таму што яны часта не ідуць на пошукі сапраўднага скарбу: здавольваюцца прывабнымі, але эфемернымі рэчамі, яркія агні якіх ілюзорныя, паколькі пакідаюць пасля сябе цемру».
«Валадарства Нябеснае — гэта супрацьлегласць лішнім рэчам, якія прапануе свет, супрацьлегласць сумнаму жыццю: гэта скарб, які кожны дзень абнаўляе жыццё і прыводзіць яго да пашырэння кругагляду.
Тыя, хто знайшоў гэты скарб, маюць творчае і дапытлівае сэрца, якое не паўтараецца, а хутчэй вынаходзіць, вышукваючы і пракладваючы новыя шляхі, што вядуць нас да таго, каб любіць Бога, любіць іншых і па-сапраўднаму любіць сябе», — звярнуў увагу Святы Айцец.
Папа Францішак перакананы, што «Езус, які з’яўляецца схаваным скарбам і каштоўнай пярлінай, не можа не натхняць радасцю»: «радасцю адкрыцця сэнсу ў жыцці, радасцю рэалізацыі сябе ў прыгодзе святасці».
На заканчэнне Папа звярнуўся з малітвай да Дзевы Марыі і папрасіў Яе дапамагчы хрысціянам у пошуку скарбу Валадарства Нябеснага.