Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 19 ліпеня ў Ватыкане Пантыфік заклікаў да глабальнага і неадкладнага спынення агню ў свеце.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў, што ў гэты час, калі працягваецца пандэмія, ён памятае пра ўсіх, «хто змагаецца з хваробай і з яе эканамічнымі і сацыяльнымі наступствамі», аднак асабліва думае «пра народы, чые пакуты абцяжарваюцца ўзброенымі канфліктамі».
«Услед за нядаўняй рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН, я паўтараю заклік да глабальнага і неадкладнага спынення агню, што дазволіла б усталяваць мір і бяспеку, неабходныя, каб аказаць патрэбную гуманітарную дапамогу», — сказаў Папа.
Акрамя таго, ён прызнаўся, што з хваляваннем сочыць «за ўзброенай напружанасцю, якая ў апошнія дні ізноў узнікла ў Каўказскім рэгіёне, паміж Арменіяй і Азербайджанам».
«Запэўніваю ў сваёй малітве сем’і тых, хто панёс страты падчас сутычак, і выказваю надзею, што дзякуючы намаганням міжнародных арганізацый і пасродкам дыялогу і добрай волі бакоў будзе дасягнута мірнае і доўгатэрміновае рашэнне на карысць гэтых дарагіх народаў», — адзначыў Святы Айцец.