Пошук

08.07.2020 13:16   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота newsicilia.it

Пасля перапынку, звязанага з пандэміяй каранавірусу, 1 ліпеня аднавіў дзейнасць гістарычны хор базылікі святога Пятра ў Ватыкане Cappella Giulia — хор Юліянскай капэлы. Хоць ён менш вядомы, чым хор Сікстынскай капэлы, ён дзейнічае больш за 500 гадоў, з перапынкам у 1980-2008 гадах.

Як паведамляе агенцтва КАІ, самымі славутымі дырыжорамі хору былі італьянскія кампазітары Джаванні П’ерлуіджы да Палестрына i Даменіко Скарлацці.

Хор Юліянскай капэлы спявае падчас літургій у ватыканскай базыліцы, якія не цэлебруе Папа. Калі ж цэлебрацыю ўзначальвае Папа, яму заўсёды спадарожнічае хор Сікстынскай капэлы.

Хор Юліянскай капэлы ўдзячны сваёй назвай Папу Юлію ІІ, які заснаваў яго ў 1513 г.

Задачай спевакоў (12 мужчын і 12 хлопчыкаў) было музычнае суправаджэнне штодзённых Імшаў і кананічных гадзінаў, якія цэлебруюць канонікі капітулу бызылікі св. Пятра. Пры розных нагодах хор спяваў таксама ў іншых касцёлах Рыма. Здаралася, што хор Сікстынскай капэлы i хор Юліянскай капэлы супольна суправаджалі вялікія цэлебрацыі ў Ватыкане, напрыклад, на Божае Нараджэнне і Вялікдзень.

У час пантыфікату Яна Паўла ІІ хор быў распушчаны ватыканскім капітулам у межах рэарганізацыі музычнай актыўнасці ў базыліцы св. Пятра. Яго абавязкі прыняў хор, дырыжорам якога з’яўляўся прэлат Пабло Коліно Пауліс і ў якім галасы хлопчыкаў замяняліся жаночымі. Той жа капітул аднавіў дзейнасць хору ў час пантыфікату Бэнэдыкта XVI.

Спевакі хору Юліянскай капэлы, як і хору Сікстынскай капэлы і хораў базылік св. Яна на Латэране і Маці Божай Вялікай, маюць старадаўнюю папскую прывілею апранаць «духоўны» строй, падобны да прэлацкага, — у знак, што хор з’яўляецца інтэгральнай часткай і «літургічным выразам» Касцёла.

Перш чым быў заснаваны хор Юліянскай капэлы, у базыліцы св. Пятра існавала Schola cantorum — школа касцёльнага спеву, існаванне якое пацверджана з часу пантыфікату Грыгорыя Вялікага (590-604).

У часы пантыфікату Сікста IV (1471-1484) быў створаны таксама хор Сікстынскай капэлы.

Абноўлена 08.07.2020 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.