Пошук

06.07.2020 12:16   Паводле: Vatican News
Фота cruxnow.com

Быць здольнымі распазнаваць Божыя знакі ў жыцці і станавіцца ўдзельнікамі таямніц, што схаваны ад пыхлівых і адкрываюцца пакорным, заклікаў Папа перад малітвай «Анёл Панскі» 5 ліпеня ў Ватыкане.

Поўны тэкст перакладу разважання Папы на беларускую мову прапануе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News:

«Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

Евангельскі ўрывак на гэтую нядзелю (пар. Мц 11, 25-30) падзелены на тры часткі: у першую чаргу Езус узносіць гімн благаслаўлення і падзякі Айцу, за тое, што адкрыў бедным і простым таямніцу Нябеснага Валадарства; потым Ён паказвае блізкія і выключныя адносіны паміж Ім і Айцом; і напрыканцы заклікае прыходзіць да Яго і ісці за Ім, каб знайсці суцяшэнне.

Спачатку Езус праслаўляе Айца за тое, што закрыў таямніцы свайго Валадарства, сваёй Праўды, ад “мудрых і разумных”. Хрыстус называе іх так з іроніяй, бо яны самі лічаць сябе мудрымі, а значыць, вельмі часта маюць закрытыя сэрцы. Сапраўдная мудрасць нараджаецца ў сэрцы. Яна не азначае выключна разумення ідэй.

Сапраўдная мудрасць уваходзіць у сэрца, а калі маеш вялікія веды і закрытае сэрца, не з’яўляешся мудрым.

Езус кажа, што таямніцы Яго Айца адкрыты “малым”, тым, хто з даверам адкрываецца на Яго збаўчае Слова, адкрывае сэрца на Слова збаўлення, адчувае патрэбу ў Ім і чакае ўсяго ад Яго, мае адкрытае і поўнае даверу да Пана сэрца.

Потым Езус тлумачыць, што атрымаў усё ад Айца. Называе Яго “Ойча Мой”, каб пацвердзіць выключнасць сваіх адносін з Ім. Сапраўды, толькі між Сынам і Айцом існуе поўная ўзаемнасць: адзін ведае другога, адзін жыве ў другім. Гэта выключная еднасць падобная да кветкі, якая расцвітае, каб бескарысліва паказаць сваю прыгажосць і дабрыню.

Таму Езус заклікае: “Прыйдзіце да Мяне…” (Мц 11, 28). Ён хоча падарыць усё тое, што бярэ ад Айца. Хоча падарыць нам Праўду, а Праўда Езуса заўсёды даецца задарма: гэта дар, Святы Дух, Праўда.

Як Айцец аддае перавагу “малым”, таксама і Езус звяртаецца да “спрацаваных і абцяжараных”. Больш за тое, Ён ставіць сябе паміж імі, бо з’яўляецца “ціхім і пакорным сэрцам” (Мц 11, 29). Як у першым і трэцім благаслаўленні, пра пакорных ці ўбогіх духам і пра лагодных (пар. Мц 5, 3.5).

“Ціхі і пакорны” Езус не з’яўляецца прыкладам для тых, хто скарыўся ці проста ёсць ахвярай, але прыкладам Чалавека, які “ўсім сэрцам” перажывае свой стан у поўнай адкрытасці на любоў Айца, гэта значыць на Святога Духа.

Ён з’яўляецца прыкладам для “ўбогіх духам” і ўсіх іншых евангельскіх “шчаслівых”, якія спаўняюць Божую волю і сведчаць пра Яго Валадарства.

Потым Езус кажа, што, калі прыйдзем да Яго, атрымаем палёгку. “Палёгка”, якую Езус дае спрацаваным і абцяжараным, — гэта не толькі псіхалагічнае аблягчэнне ці міласціна, але радасць бедных, якая ўзнікае ад таго, што яны з’яўляюцца евангелізатарамі і будаўнікамі новага чалавецтва: вось палёгка. Гэта радасць, якую дае Езус. Яна выключная і тая самая, што мае Ён. Вось пасланне для ўсіх нас, для ўсіх людзей добрай волі, якое Езус скіроўвае таксама сёння да свету, што ўзвышае багатых і магутных…

Свет узвышае багатых і магутных, не важна якімі спосабамі, а часам топча чалавека і яго годнасць. Кожны дзень мы бачым растаптаных бедных…

Гэта таксама пасланне для Касцёла, пакліканага жыць учынкамі міласэрнасці і евангелізаваць бедных, быць ціхім і пакорным.

Менавіта такім Езус хоча бачыць свой Касцёл.

Няхай Марыя, найпакорнейшая і найвышэйшая сярод стварэнняў, выпрасіць у Бога для нас сардэчную мудрасць, каб былі здольнымі распазнаваць Яго знакі ў нашым жыцці і быць удзельнікамі тых таямніц, якія схаваны ад пыхлівых і адкрываюцца пакорным».

Абноўлена 06.07.2020 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця