Пошук

29.06.2020 13:00   Паводле: Vatican News
Фота church.mt

Мы знаходзім паўнату жыцця і радасці, калі прыносім сябе ў дар дзеля Евангелля і братоў, падкрэсліў Пантыфік перад малітвай «Анёл Панскі», якая 28 чэрвеня прайшла ў Ватыкане.

Поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца прапануе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News:

«Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

У гэтую нядзелю Евангелле (пар. Мц 10, 37-42) з сілай абвяшчае заклік да жыцця нашай адданасцю Пану напоўніцу і без ваганняў. Езус просіць сваіх вучняў сур’ёзна паставіцца да евангельскіх патрабаванняў, нават калі гэта патрабуе ахвярнасці і высілкаў.

Першая настойлівая просьба, якую Езус скіроўвае да тых, хто ідзе за Ім, заключаецца ў тым, каб паставіць любоў да Яго вышэй за сямейную прывязанасць. Пан кажа: “Хто любіць бацьку ці маці, […] хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне” (Мц 10, 37).

Езус дакладна не жадае прынізіць каштоўнасць любові да бацькоў і дзяцей, але Ён ведае, што сваяцкія повязі, калі ставяцца на першае месца, могуць адвесці ад сапраўднага дабра.

Мы бачым гэта на прыкладзе карумпаванасці ўладаў, калі любоў да сваякоў становіцца мацнейшай за любоў да Айчыны і яны даюць пасады сваім блізкім. Тое самае тычыцца любові да Езуса: калі любім нешта больш за Яго, гэта не добра. Мы ўсе можам прывесці шмат такіх прыкладаў, у тым ліку, калі сямейныя пачуцці пераплятаюцца з рашэннямі, супрацьлеглымі Евангеллю. Але калі любоў да бацькоў і дзяцей натхняецца і ачышчаецца любоўю да Пана, тады яна прыносіць добрыя плёны для самой сям’і і нашмат далей за яе.

Езус кажа свае словы менавіта ў такім сэнсе… Сапраўдная любоў да Езуса патрабуе сапраўднай любові да бацькоў, да дзяцей, але калі ў першую чаргу шукаем сямейнай выгады, гэта заўсёды вядзе на памылковы шлях.

Затым Езус кажа вучням: “Хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне” (Мц 10, 38). Гаворка ідзе пра тое, каб ісці за Ім па шляху, які Ён сам прайшоў, не шукаючы кароткіх дарог. Не бывае сапраўднай любові без крыжа, гэта значыць без кошту, які трэба заплаціць асабіста. Гэта кажуць шматлікія маці, шматлікія таты, якія шмат ахвяруюць сабой дзеля дзяцей і нясуць сапраўдныя крыжы з любові да іх. Крыж, які нясём разам з Езусам, не палохае, бо Ён заўсёды побач з намі, падтрымлівае нас у хвіліны самых цяжкіх выпрабаванняў, напаўняе нас сілай і адвагай.

Не трэба таксама турбавацца аб захаванні свайго жыцця баязлівымі і эгаістычнымі паводзінамі. Езус папярэджвае: “Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго” (Мц 10, 39). Гэта парадокс Евангелля. Прыкладаў гэтага мы таксама маем шмат!

Мы бачым, як у гэтыя дні вялікая колькасць людзей нясе крыж, дапамагаючы іншым, ахвяруючы сабой дзеля людзей, якія маюць шмат патрэбаў па прычыне пандэміі.

Разам з Езусам можна рабіць гэта… Мы знаходзім паўнату жыцця і радасці, калі прыносім сябе ў дар дзеля Евангелля і братоў, з адкрытасцю, гасціннасцю і добразычлівасцю.

Калі будзем рабіць так, зможам пазнаць велікадушнасць і ўдзячнасць Бога. Аб гэтым нам нагадвае Езус: “Хто прымае вас, Мяне прымае… I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня… не страціць узнагароды сваёй” (Мц 10, 40; 42). Шчодрая ўдзячнасць Бога Айца тычыцца нават самых малых знакаў любові і служэння братам. Таксама ў гэтыя дні я пачуў ад аднаго святара, які быў вельмі ўзрушаны, калі ў парафіі да яго падышоў хлопчык і сказаў: “Ойча, вось тое, што я ашчадзіў. Гэтага няшмат, але гэта для вашых бедных, для тых, хто апынуўся ў нястачы ў выніку пандэміі”. Гэта маленькая, але вялікая справа. Такая ўдзячнасць — заразлівая, і яна дапамагае кожнаму з нас быць удзячнымі да тых, хто клапоціцца пра нашыя патрэбы.

Калі нехта хоча нам паслужыць, мы не павінны думаць пра гэта, як пра належнае. Не! Шмат служэння здзяйсняецца бескарысліва. Падумайце пра валантарыят, які з’яўляецца адной з самых вялікіх спраў італьянскага грамадства. Валанцёры… Колькі з іх ахвяравалі жыццём падчас пандэміі. Гэта робіцца з любові, выключна дзеля служэння.

Удзячнасць — гэта перш за ўсё знак добрага выхавання, але таксама адметная рыса хрысціяніна.

Гэта просты, але сапраўдны знак Божага Валадарства, Валадарства бескарыслівай і ўдзячнай любові.

Няхай Найсвяцейшая Марыя, якая любіла Езуса больш за ўласнае жыццё і ішла за Ім да самага крыжа, дапаможа нам заўсёды станавіцца перад Богам з адкрытым сэрцам, каб Яго слова судзіла аб нашых справах і нашых рашэннях».

Завяршаючы сваю традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі, Папа Францішак папрасіў маліцца за яго служэнне.

Абноўлена 29.06.2020 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця