Пошук

26.06.2020 10:08   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Gosc.pl

25 чэрвеня ў Ватыкане на прэс-канферэнцыі з удзелам Старшыні Папскай рады па развіцці новай Евангелізацыі арцыбіскупа Рыно Фізікелы быў прадстаўлены новы Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі, які вызначае асноўныя кірункі катэхетычнай дзейнасці Касцёла.

Як перадае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент, ухвалены Папам Францішкам, налічвае 300 старонак і складаецца з 3 частак, падзеленых на 12 раздзелаў.

На самым пачатку аўтары нагадваюць, што кожны ахрышчаны чалавек — гэта вучань-місіянер, закліканы да пошуку новай мовы абвяшчэння веры.

Гаворка ідзе пра тры асноўныя прынцыпы, паводле якіх можа дзейнічаць католік: сведчанне, міласэрнасць і дыялог.

Катэхізацыя дапамагае хрысціяніну надаць поўны сэнс свайму існаванню, тлумачыцца ў дакуменце.

У першай частцы пад назвай «Катэхізацыя ў евангелізацыйнай місіі Касцёла» увага засяроджана, у прыватнасці, на фармацыі катэхетаў. Як настаўнікі, выхавацелі і сведкі катэхеты павінны суправаджаць іншых з пакорай і павагай да іх свабоды.

У другой частцы «Працэс катэхізацыі» выразна выяўляецца важнасць сям’і: актыўнага суб’екту евангелізацыі і натуральнага асяроддзя веры.

Ва ўмовах «нерэгулярных сітуацый» і «новых сямейных сцэнарыяў», якія існуюць у сучасным грамадстве, Касцёл заклікае суправаджаць усіх людзей на шляху веры, слухаючы і разумеючы іх, вяртаючы давер і надзею.

Інклюзіўнасць, прыняцце і распазнаванне — гэта ключавыя словы, якія прапануюцца для катэхезы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У трэцяй частцы, прысвечанай «Катэхізацыі ў партыкулярных Касцёлах», падкрэсліваецца перш за ўсё роля парафій, якія называюцца «прыкладам апостальства супольнасці», і гучыць заклік да катэхізацыі творчай, адкрытай для досведу людзей. Рэлігійны фактар — гэта адно з вымярэнняў чалавечага жыцця, і яго нельга выпускаць з-пад увагі, гаворыцца ў дакуменце; такім чынам, «гэта права бацькоў і вучняў» атрымліваць інтэгральнае навучанне, якое таксама ўлічвае выкладанне рэлігіі, у тым ліку і непасрэдна ў школе.

Адмысловымі сферамі катэхізацыі называюцца экуменізм і міжрэлігійны дыялог з юдаізмам і ісламам. Што датычыцца першага, Папская рада па развіцці новай Евангелізацыі падкрэслівае, што катэхізацыя павінна «выклікаць жаданне адзінства» хрысціянаў, быць «надзейным інструментам евангелізацыі». У кантэксце ж рэлігійнага плюралізму катэхізацыя павінна «паглыбляць і ўмацоўваць тоеснасць верніка», спрыяючы яго місійнай прыхільнасці праз сведчанне і сардэчны дыялог.

Асобны раздзел Дырэктыўнага дакумента прысвечаны разважанню над роляй лічбавай культуры, якая сёння ўспрымаецца як нешта цалкам «натуральнае»: настолькі, што змяняе мову і іерархію каштоўнасцяў у сусветным маштабе.

Дакумент надае ўвагу навуцы і тэхналогіям. Асобнае месца прысвячаецца біяэтыцы. Аўтары нагадваюць, што «не ўсё тэхнічна магчымае з’яўляецца маральна дапушчальным»: трэба адрозніваць тэрапеўтычнае ўмяшанне і маніпуляцыі, а таксама звяртаюць увагу на недапушчальнасць еўгенікі і дыскрымінацыі, якую яна цягне за сабой.

Што датычыцца паняцця «гендар», аўтары дакумента нагадваюць, што Касцёл суправаджае чалавека «заўсёды і ў любой сітуацыі», не судзячы таго, хто жыве ў складаных і канфліктных сітуацыях.

Аднак «у перспектыве веры сексуальнасць — гэта не толькі фізічная якасць, але і каштоўнасць, ускладзеная на адказнасць чалавека», «адказ на першапачатковы заклік Бога».

Сярод іншых пытанняў, якія разглядаюцца ў дакуменце, ідзе гаворка пра «глыбокае экалагічнае навяртанне», якое павінна адбывацца ў межах катэхізацыі; увага да абароны стварэння; натхненне на цнатлівае жыццё, свабоднае ад спажывальніцтва. У Дырэктыўным дакуменце гучыць таксама моцнае заахвочванне католікаў да актыўнай грамадскай пазіцыі і дзейнасці на карысць агульнага дабра.

Новы Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі стаў «спадкаемцам» «Агульнага катэхетычнага дырэкторыя» ад 1971 г. і «Агульнага дырэкторыя па катэхізацыі» ад 1997 г.

Маем надзею, што дакумент з увагі на яго вялікае значэнне будзе перакладзены таксама на беларускую мову. 

Абноўлена 26.06.2020 10:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа