Пошук

27.05.2020 14:18   Паводле: Vatican News
Фота Vaticannews.va

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 мая прайшла ў форме відэатрансляцыі з Апостальскага палаца ў Ватыкане, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез аб малітве.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік адзначыў, што задума Бога адносна чалавецтва ўтрымлівае выключна дабро, але ў жыцці мы штодзённа сустракаемся з існаваннем зла. Паступовае распаўсюджванне граху ў гісторыі чалавецтва апісана ў першых раздзелах кнігі Быцця.

Адам і Ева засумняваліся ў добразычлівых намерах Бога, думалі, што маюць справу з зайздросным бажаством, якое перашкаджае іх шчасцю, у выніку чаго паўсталі супраць Яго.

Іх сэрцы, паддаўшыся спакусе злога, былі апанаваны маніяй вялікасці, яны лічылі, што, пакаштаваўшы плод з дрэва, будуць як Бог. Але вынік быў адваротным, нагадаў Папа Францішак.

«Зло становіцца яшчэ больш дэструктыўным, больш моцным у другім пакаленні людзей: у гісторыі Каіна і Абэля. Каін зайздросціў брату. Хоць быў першародным, бачыў у Абэлю ворага, таго, хто квапіцца на яго першаснасць. Зло ўвайшло ў яго сэрца і Каін не здолеў яго апанаваць. (…) І так гісторыя першага братэрства завяршылася забойствам», — заўважыў Пантыфік.

Насілле пашыралася і ў нашчадках Каіна, што выражаецца ў «злосным спеве Ламеха», сапраўдным «гімне помсце»: «Калі Каіну адпомсціцца ўсямёра, то Ламеху — у семдзесят сем разоў» (Быц 4, 23-24).

«І такім чынам зло пашырылася, як алейная пляма, распаўсюдзілася на ўвесь гарызонт: “Убачыў Пан, што вялікае зло людзей на зямлі і што ўсе задумы сэрцаў іхніх увесь час скіраваны толькі на зло” (Быц 6, 5). Велічныя вобразы вялікага патопу і Вавілонскай вежы паказвалі, што існавала патрэба ў новым пачатку, як у новым стварэнні, якое будзе мець сваё спаўненне ў Езусе Хрысце», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа звярнуў увагу, што на першых старонках Бібліі напісана і «іншая гісторыя», менш яскравая, нашмат больш сціплая і пабожная, але напоўненая надзеяй.

«Нават калі амаль усе паводзілі сябе жорстка, пераўтвараючы нянавісць і заваяванне ў рухавік гісторыі, былі людзі, здольныя маліцца Богу са шчырасцю, здольныя іншым чынам пісаць лёс чалавека», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён нагадаў пра прыклад Абэля, які прыносіў Богу ахвяру з першынцаў статку свайго; пра Энаса, які заклікаў імя Пана; пра Энака, які «хадзіў з Богам» і быў узяты на неба; і нарэшце пра Ноя, дзякуючы якому Бог вырашыў не знішчаць усяго чалавецтва.

«Калі чытаем гэтыя апавяданні, складаецца ўражанне, што малітва стала плацінай, прытулкам для чалавека перад хваляй поўнага зла, якое расло ў свеце. Урэшце, мы молімся таксама, каб уратавацца ад саміх сябе.

Важна маліцца, кажучы: “Пане, калі ласка, выратуй мяне ад мяне самога, ад маіх амбіцый, ад маіх жарсцяў…”»,

— сцвердзіў Святы Айцец.

«Людзі, якія моляцца на першых старонках Бібліі – міратворцы: сапраўды, малітва, калі яна сапраўдная, вызваляе ад гвалтоўных інстынктаў і з’яўляецца позіркам, скіраваным да Бога, каб Ён зноў пачаў клапаціцца пра сэрца чалавека», — дадаў Пантыфік.

Па словах Папы, малітва з’яўляецца «кветнікам адраджэння ў тых месцах», дзе «нянавісць чалавека магла пашыраць толькі пустыню».

«Вось чаму Божае панаванне перадаецца праз ланцуг гэтых людзей, якіх у свеце часта не разумеюць і спіхваюць на задворкі. Але свет жыве і развіваецца дзякуючы Божай сіле, якую гэтыя Яго слугі чэрпаюць са сваёй малітвы. Гэта той ланцуг, які зусім не стварае шуму, рэдка мае гонар трапіць у выпускі навін, але ён вельмі важны для таго, каб вярнуць свету надзею!» — падкрэсліў Святы Айцец.

Пастыр паўсюднага Касцёла падзяліўся ўспамінамі пра аднаго няверуючага палітыка, які ў цяжкі перыяд свайго жыцця пачаў маліцца, памятаючы пра прыклад веры, які ў маленстве атрымаў ад бабулі.

Папа дадаў, што вельмі важна вучыць дзяцей малітве.

Яна стане зернем жыцця, што назаўсёды застанецца ў іх сэрцах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа