Па прыродзе мы амаль нішто, але па пакліканні — дзеці вялікага Валадара, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 мая прайшла ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве, прапанаваў засяродзіць увагу на таямніцы стварэння. Ён заўважыў, што на самым пачатку Бібліі рэфрэнам паўтараюцца словы, якія падкрэсліваюць дабрыню і прыгажосць усяго, што існуе: «Убачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым» (Быц 1, 31).
Прыгажосць і таямніца стварэння нараджаюць у сэрцы чалавека першы парыў, які адкрывае на малітву. Так кажа Псальм 8: «Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў: то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?» — адзначыў Папа.
Чалавек, які моліцца, сузірае таямніцу жыцця вакол сябе, бачыць зорнае неба над сабой ім і пытаецца: якая задума любові павінна стаяць за гэтай вялікай справай?
У гэтай бясконцасці чалавек вельмі ўразлівае стварэнне, але адзінае, якое ўсведамляе вялікую разнастайнасць прыгажосці стварэння, заўважыў Пантыфік.
«Малітва чалавека блізка спалучана з пачуццём захаплення. Веліч чалавека бясконца малая ў параўнанні з памерамі сусвету. Яго самыя вялікія здабыткі здаюцца дробяззю... І чалавек — гэта не нішто. У малітве сцвярджаецца надзвычайна моцнае пачуццё міласэрнасці. Нічога не існуе выпадкова: таямніца сусвету заключаецца ў добразычлівым позірку, які Нехта перасякае з нашым», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.
«Псальм сцвярджае, што мы мала меншыя ад Бога, увянчаныя славаю і веліччу (пар. 8, 6). Адносіны з Богам — гэта веліч чалавека: яго каранаванне. Па прыродзе мы амаль нішто, але па пакліканні — дзеці вялікага Валадара!» — дадаў ён.
Паводле Святога Айца, калі жыццёвыя цяжкасці пагражаюць заглушыць у нас дар малітвы, дастаткова сузірання зорнага неба, захаду, кветкі, каб у нас узнікла іскра ўдзячнасці.
Папа Францішак нагадаў, што, калі пісалася біблійнае апавяданне пра Стварэнне, народ Ізраэля перажываў нешчаслівыя часы. Варожая сіла акупавала зямлю; многія былі дэпартаваны ў месапатамскую няволю. Больш не было ні Радзімы, ні святыні, ні грамадскага і рэлігійнага жыцця, нічога.
«Тым не менш, адштурхоўваючыся менавіта ад вялікага апавядання пра стварэнне, нехта пачаў знаходзіць прычыны для ўдзячнасці, для праслаўлення Бога за жыццё.
Малітва — гэта першая сіла надзеі. Ты молішся, і надзея расце. Я сказаў бы, што малітва — гэта брама надзеі. Надзея існуе, але дзякуючы малітве я адчыняю ёй дзверы», — сказаў Папа.
«Таму людзі малітвы захоўваюць фундаментальныя праўды; яны тыя, хто паўтарае, у першую чаргу самім сабе, а потым і ўсім іншым, што жыццё, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, нягледзячы на цяжкія дні, напоўнена ласкай, якой трэба захапляцца, якая заўсёды павінна ахоўвацца і абараняцца», — дадаў ён.
Людзі, якія моляцца, ведаюць, што надзея большая за роспач. «Яны вераць, што любоў мацнейшая за смерць і што дакладна аднойчы яна затрыумфуе, нават калі нам невядома, калі і як. Людзі малітвы маюць на тварах адлюстраванне ззяння святла, бо нават у самыя цёмныя дні, сонца не перастае іх асвячаць.
Малітва асвячае цябе: асвячае тваю душу, асвячае тваё сэрца і асвячае тваё аблічча. Нават у самыя цёмныя часы, нават у самыя балючыя перыяды»,
— звярнуў увагу Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што ўсе людзі з’яўляюцца носьбітамі радасці. Жыццё — дар Бога, і яно вельмі кароткае для таго, каб праводзіць яго ў смутку. Ён заклікаў дзякаваць Богу за дар жыцця, бо слова «дзякуй» — гэта самая цудоўная малітва.