Пошук

15.05.2020 16:59   Паводле: Vatican News

15 мая ў Ватыкане было абнародавана Пасланне Папы Францішка на 106-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма паслання Святога Айца: «Як Езус Хрыстус, вымушаныя ўцякаць. Прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць унутраных мігрантаў». Папа заўважыў, што стан гэтых людзей асабліва пагоршыўся з сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Святы Айцец прыгадаў, што ў такой сітуацыі знаходзіўся маленькі Езус, які разам са сваімі бацькамі быў вымушаны ўцякаць у Егіпет. Таксама і сёння «тэлебачанне і газеты амаль штодзённа паведамляюць навіны пра бежанцаў, што ўцякаюць ад голаду, вайны, іншых сур’ёзных небяспекаў <…>

У кожным з іх прысутнічае Езус, вымушаны, як у часы Ірада, уцякаць, каб уратавацца», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік заклікаў распазнаць у іх тварах «аблічча галоднага, спрагнёнага, голага, хворага, падарожнага і зняволенага Хрыста», бо «абяздоленыя даюць нам магчымасць сустрэцца з Панам, нават калі нашыя вочы з цяжкасцю распазнаюць Яго: з абарванай вопраткай, бруднымі нагамі, скажоным тварам, параненым целам, няздольным размаўляць на нашай мове».

Паводле Папы, адказам Касцёла на гэты душпастырскі выклік павінна стаць прыняцце, абарона, падтрымка і інтэграцыя мігрантаў. Да гэтых чатырох словаў Францішак дадаў яшчэ «шэсць пар дзеясловаў, якія адпавядаюць вельмі канкрэтным дзеянням, злучаных між сабой прычынна-выніковай сувяззю».

У першую чаргу Святы Айцец заўважыў, што для таго, каб зразумець іншага, трэба яго пазнаць. Неабходна знаёміцца з мігрантамі, ведаць іх гісторыі, каб разумець іх праблемы і нястачы, заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа нагадаў, што, каб служыць, трэба стаць блізкім. Ён звярнуў увагу на тое, што часта «страхі і забабоны прымушаюць нас трымацца на адлегласці ад іншых».

«Наблізіцца да бліжняга часта значыць быць гатовым на рызыку, чаму на працягу апошніх месяцаў нас вучаць медыкі і санітарныя работнікі», — дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што для таго, каб прымірыцца, трэба выслухаць. Менавіта пакорнае слуханне дае магчымасць прымірыцца з бліжнім, з сабой і з Богам. Апошнія месяцы прынеслі на нашыя вуліцы цішыню, і гэтае трывожнае маўчанне дае нам магчымасць прыслухацца да крыку самых уразлівых, да крыку бежанцаў і крыку нашай цяжкахворай планеты, заўважыў ён.

Папа Францішак напісаў, што для таго, каб расці самім, трэба дзяліцца з іншымі. «Пандэмія нагадала нам, што мы ўсе знаходзіцца ў адной лодцы. Сітуацыя, пры якой мы маем агульныя турботы і страхі, паказала, што ніхто не збаўляецца сам па сабе. Каб па-сапраўднаму ўзрастаць, мы павінны ўзрастаць разам, дзелячыся тым, што маем», — сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што, каб падтрымліваць іншых людзей, трэба іх заахвочваць, гэта значыць дапамагаць ім станавіцца галоўнымі дзеючымі асобамі ўласнага лёсу.

Святы Айцец заклікаў супрацоўнічаць, каб будаваць.

«Будаванне Божага Валадарства — гэта супольны абавязак усіх хрысціянаў, таму неабходна, каб мы навучыліся супрацоўнічаць, не паддаючыся спакусе зайздрасці, нязгоды і падзелаў», — заахвоціў Папа Францішак.

Сусветны дзень мігранта і бежанца адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1914 года. Сёлета ён пройдзе 27 верасня.

Абноўлена 15.05.2020 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця