Набліжаецца момант аднаўлення працы Ватыканскіх музеяў, хоць наведаць іх можна будзе толькі па папярэдне замоўленых квітках і ў ахоўнай масцы. Дакладная дата адкрыцця пакуль невядомая.
Пра гэта ў інтэрв’ю Vatican News распавёў біскуп Фэрнандо Вэргес Альсага, Генеральны сакратар Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. Яго цытуе Беларускага рэдакцыя парталу.
«Мы зачынілі дзверы для публікі, разумеючы, што абарона здароўя стаіць на першым месцы, — падкрэсліў іерарх. — Таму на працягу апошніх паўтара месяца ажыццяўляліся толькі тыя віды дзейнасці, якія мы называем асноўнымі: на працу штодня выходзілі каля трыццаці супрацоўнікаў. Гэта вельмі малы адсотак, улічваючы, што ў Ватыканскіх музеях працуюць амаль тысяча штатных супрацоўнікаў і служачых, уключаючы наглядчыкаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў, адміністрацыйны персанал і розныя сэрвісныя структуры».
Па словах біскупа, перыяд пандэміі COVID-19 стаў «месяцамі бязмоўя», аднак на афіцыйным сайце для ўсіх жадаючых прапануюцца шматлікія віртуальныя экскурсіі па Ватыканскіх музеях, у тым ліку па Сікстынскай капэле. Ужо некалькі месяцаў існуе афіцыйны профіль у Instagram @vaticanmuseums, дзе кожны дзень «з’яўляецца» нейкі асобны экспанат з Папскіх калекцый. Віртуальныя туры будуць пашыраны, аднак «без рэальнасці ніяк не абысціся».
«Не варта забываць, што менавіта людзі напаўняюць жыццём музеі, і толькі рэальны досвед музея робіць людзей сапраўднымі гасцямі: віртуальнасць ніколі не зможа замяніць сабой рэальнасць, і каб цешыцца мастацтвам, патрэбныя вочы і сэрца», — лічыць іерарх.
Гаворачы аб бліжэйшай будучыні, біскуп Альсага адзначыў: «Мы завяршаем усталяванне некалькіх тэрмасканераў для вызначэння тэмпературы ва ўсіх наведвальнікаў на ўваходзе. Доступ у музеі будзе магчымы толькі па загадзя забраніраваных квітках: гэта дазволіць нам раўнамерна размеркаваць наведванне ў працоўныя гадзіны. Усе наведвальнікі павінны быць у ахоўных масках».
«Відавочна, што яшчэ на працягу доўгага часу не ўдасца прымаць вялікія групы, — адзначыў ватыканскі іерарх, — але, думаю, мы павінны ўжо цяпер падаць сігнал, нават калі ён і невялікі. Зразумела, усім нам давядзецца пагадзіцца са скарачэннем колькасці наведвальнікаў у асобнай групе, інакш гэта будзе некіравальным». «Паглядзім, што канкрэтна можна будзе зрабіць», — дадаў Генеральны сакратар Губернатарату Дзяржавы Ватыкан.