16 красавіка Папу на пенсіі Бэнэдыкту XVI споўнілася 93 гады.
Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News нагадвае, што непасрэдны наступнік святога Яна Паўла ІІ і 265-ы Пантыфік у гісторыі Касцёла, Бэнэдыкт XVI займаў пасад святога Пятра з 19 красавіка 2005 года да адстаўкі ў 2013 годзе.
Нямецкі кардынал Ёзаф Ратцынгер выбраў сабе імя у гонар «Папы міру» Бэнэдыкта XV і айца заходняга манаства, апекуна Еўропы святога Бэнэдыкта Нурсійскага. Ён стаў першым немцам на пасадзе святога Пятра з часоў Віктара II (1055–1057 гады). Да выбару Папам, з 1983 па 2005 год, ён быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння і адным з самых блізкіх паплечнікаў святога Яна Паўла ІІ.
На пачатку красавіка арцыбіскуп Георг Генсвайн, асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, запэўніў:
«Дзякуй Богу, у кляштары Mater Ecclesiæ мы спраўляемся з усім, асабліва Папа на пенсіі. Мы жывем, як у строгай кляўзуры.
Няма ніякіх візітаў, і мы нікога не наведваем. Як усім вядома, цяпер існуюць адпаведныя патрабаванні, якія гэтага не дазваляюць, і мы выконваем іх», — дадаў іерарх.
Кажучы пра 93-і дзень нараджэння Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Генсвайн прызнаўся, што не плануецца ніякіх візітаў дэлегацый і асобных гасцей. «Гэта будзе ціхі дзень без асаблівага святкавання. Мы молімся з надзеяй, што неверагодная пандэмія хутка будзе пераадолена», — сказаў прэфект Папскага дома.