Пошук

15.04.2020 12:58   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo / Paul Haring

Плануецца, што 19 красавіка, у Другую Велікодную нядзелю, якая называецца таксама нядзеляй Божай Міласэрнасці, Святы Айцец узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў італьянскім асяродку культу Божай Міласэрнасці — касцёле Санто-Спіріто-ін-Сасія.

Як са спасылкай на КАІ паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у капліцы Езуса Міласэрнага ў гэтай святыні знаходзяцца кананізацыйныя рэліквіі святой Фаўстыны і ахвяраваны святым Янам Паўлам ІІ абраз Езуса Міласэрнага. Гэта таксама месца ўшанавання святога Папы-славяніна.

1 студзеня 1994 г. у рымскім касцёле Святога Духа, размешчаным побач з Ватыканам, быў заснаваны першы афіцыйны цэнтр духоўнасці Божай Міласэрнасці ў Італіі, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя паслання св. Фаўстыны Кавальскай сярод вернікаў Рымскай дыяцэзіі і пілігрымаў, якія прыбываюць у Вечны горад. Тут працуюць законніцы з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці.

У 2020 г. адзначаецца 20-я гадавіна кананізацыі сястры Фаўстыны, устанаўленне ў 2001 г. Нядзелі Божай Міласэрнасці, а таксама 100-годдзе з дня нараджэння, 15-годдзе смерці і 5-я гадавіна кананізацыі святога Яна Паўла ІІ.

Раней планавалася, што з нагоды гэтых юбілеяў і круглых дат Папа Францішак узначаліць Эўхарыстыю ў Другую велікодную нядзелю на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане з удзелам шматлікіх пілігрымаў. Гэтыя планы былі перагледжаны ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Абноўлена 15.04.2020 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця