Пошук

01.04.2020 15:05   Паводле: Vatican News
Фота: Catholic News Agency

Агульная аўдыенцыя Папы Францішка 1 красавіка прайшла ў форме відэатрансляцыі з папскай Прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы па ранейшай прычыне — меры бяспекі ў разгар пандэміі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельскім благаслаўленням. Ён засяродзіў увагу на шостым: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

Святы Айцец зазначыў, што чысціня сэрца — гэта ўмова сузірання Бога, бо пошук Яго аблічча заўсёды звязаны з жаданнем асабістых адносін з Ім. Менавіта «неразумнае і маруднае» сэрца вучняў з Эмаўс было прычынай іх слепаты: яны мелі перад сабой Езуса, але не маглі распазнаць Яго. І Хрыстус раскрывае іх вочы падчас дарогі, кульмінацыяй чаго становіцца ламанне хлеба. Папа заклікаў «паглыбіцца ў сябе і стварыць месца для Бога». Ён нагадаў словы св. Аўгустына: «Бог больш блізкі да мяне, чым я сам».

«Каб убачыць Бога, не трэба змяняць акуляры, пункт гледжання, тэолагаў, якія вучаць мяне шляху: трэба вызваліць сэрца ад яго памылак!

Гэта адзіны шлях. Канчатковае сталенне адбываецца тады, калі разумеем, што наш найгоршы вораг часта схаваны ў нашым сэрцы. Самая высакародная бітва — гэта змаганне супраць духоўных ілюзій, народжаных нашымі грахамі. Грахі змяняюць унутраны зрок, змяняюць ацэнку рэчаў, дэманструюць несапраўднае ці, па меншай меры, не зусім сапраўднае», — сказаў Папа.

Тлумачачы, чым з’яўляецца «чысціня сэрца», Святы Айцец нагадаў, што ў Бібліі сэрца — гэта не толькі пачуцці, але і «самая глыбокая частка чалавека, духоўная прастора, дзе асоба з’яўляецца сабой». Чалавек з чыстым сэрцам жыве прысутнасцю Бога, захоўвае ў сэрцы годнае адносін з Ім. Толькі так яго жыццё становіцца «з’яднаным»: прамалінейным, недвухсэнсавым, простым.

«Такім чынам, ачышчанае сэрца — гэта вынік працэсу, які прадугледжвае вызваленне і адрачэнне. Чыстае сэрца не нараджаецца такім, яно перажывае ўнутранае спрашчэнне, вучыцца адракацца ад зла ў сабе, што ў Бібліі называецца “абразаннем сэрца”», — падкрэсліў Пантыфік.

Для ўнутранага ачышчэння трэба ўмець распазнаць тую частку сэрца, якая знаходзіцца пад уплывам зла, умець дазваляць Святому Духу вучыць і весці.

«Шлях ад хворага сэрца, ад сэрца грэшніка, ад сэрца, няздольнага па прычыне граху бачыць усё добрае, да сэрца, напоўненага святлом, здольнага бачыць Бога, — гэта справа Святога Духа», — заўважыў Папа.

«У гэтым благаслаўлёным позірку прысутнічае будучае эсхаталагічнае вымярэнне, як і ва ўсіх благаслаўленнях, — гэта радасць Божага Валадарства, да якога ідзём. Але ёсць іншае вымярэнне: бачыць Бога — значыць разумець задумы Провіду ў тым, што адбываецца, распазнаваць Яго прысутнасць у сакрамэнтах, у братах, асабліва ў бедных і спакутаваных, распазнаваць Яго там, дзе аб’яўляецца», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Завяршаючы катэхезу, Папа Францішак заклікаў кожнага без страху расчыніць дзверы свайго сэрца Святому Духу, каб Ён мог ачысціць яго і весці нас наперад па шляху да паўнаты радасці.

Абноўлена 02.04.2020 19:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.