Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 25 сакавіка ў форме відэатрансляцыі з папскай Прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы, Святы Айцец заўважыў, што 25 гадоў таму ва ўрачыстасць Звеставання Пана была абнародавана энцыкліка св. Яна Паўла ІІ Evangelium vitae («Евангелле жыцця»), прысвечаная каштоўнасці і недатыкальнасці чалавечага жыцця.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў:
«Сувязь паміж Звеставаннем і „Евангеллем жыцця“ з’яўляецца блізкай і глыбокай, як падкрэсліў св. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы. Сёння мы закліканы нагадаць гэтае навучанне ў кантэксце пандэміі, якая пагражае чалавечаму жыццю і сусветнай эканоміцы. У гэтай сітуацыі словы, якімі пачынаецца энцыкліка, яшчэ больш абавязваюць: „Евангелле жыцця знаходзіцца ў самым сэрцы паслання Езуса. Касцёл кожны дзень прымае яго з любоўю, каб верна і адважна прапаведаваць як добрую вестку людзям усіх часоў і культур“».
Папа дадаў, што абвяшчэнне Евангелля павінна цесна пераплятацца з жыццём.
«Я з удзячнасцю думаю пра маўклівае сведчанне шматлікіх людзей, якія розным чынам, не шкадуючы сябе, служаць хворым, пажылым, самотным і самым бедным. Яны рэалізуюць Евангелле жыцця, як Марыя, якая, прыняўшы пасланне Анёла, скіравалася дапамагаць сваёй сваячцы Альжбеце, бо яна мела ў гэтым патрэбу», — заўважыў ён.
Пантыфік нагадаў, што «жыццё, якое мы пакліканы падтрымліваць і абараняць, — гэта не абстрактнае паняцце»: гаворка ідзе пра жыццё канкрэтнага чалавека — зачатага дзіцяці, адрынутага бедняка, самотнага хворага ці чалавека ў роспачы на тэрмінальнай стадыі, мігранта, непрынятага ці закрытага ў гета.
«Бог паклікаў кожнага чалавека карыстацца паўнатой жыцця. А паколькі чалавек давераны матчынаму клопату Касцёла, кожная пагроза яго годнасці і жыццю не можа не адбіцца на сэрцы Касцёла, на яго „матчыным улонні“.
Абарона жыцця — гэта не ідэалогія Касцёла, а рэальнасць, чалавечая рэчаіснасць, якая датычыцца ўсіх хрысціянаў, і асабліва хрысціянаў, бо і яны — людзі.
Гэта не ідэалогія!» — падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што напады на годнасць і жыццё чалавека, на жаль, маюць месца і ў нашу эпоху паўсюдных правоў чалавека. «Больш за тое, мы знаходзімся перад абліччам новых пагроз і новых форм рабства, і закон не заўсёды абараняе самае слабое і ўразлівае чалавечае жыццё», — дадаў ён.
«Пасланне энцыклікі Evangelium vitae, такім чынам, з’яўляецца як ніколі актуальным. Па-за надзвычайнымі сітуацыямі, як тая, што мы перажываем цяпер, гаворка ідзе пра дзеянні на культурным і адукацыйным узроўні для перадачы будучым пакаленням схільнасці да салідарнасці, клопату, гасціннасці, з усведамленнем, што культура жыцця — гэта не эксклюзіўная спадчына хрысціянаў; яна належыць усім, хто, працуючы на карысць будавання братэрскіх адносін, прызнае каштоўнасць кожнага чалавека, нават калі ён слабы і перажывае пакуты», — сцвердзіў Пантыфік.
Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што кожнае чалавечае жыццё, адзінае і непаўторнае, з’яўляецца бясцэннай каштоўнасцю.
«Гэта трэба абвяшчаць зноў і зноў, з адвагай слова і мужнасцю дзеянняў. Гэта заклік да салідарнасці і братэрскай любові да вялікай чалавечай сям’і і да кожнага яе члена», — сказаў ён.
«Таму разам са св. Янам Паўлам ІІ з абноўленым перакананнем я паўтараю заклік, які ён скіраваў да ўсіх дваццаць пяць гадоў таму: „Паважай, барані, любі жыццё і служы жыццю — кожнаму чалавечаму жыццю! Толькі на гэтым шляху ты знойдзеш справядлівасць, росквіт, сапраўдную свабоду, мір і шчасце!“» — завяршыў катэхезу Святы Айцец.