Пошук

23.03.2020 12:54   Паводле: Vatican News
Фота: ceinews.it

На пандэмію вірусу мы адкажам усеагульнай малітвай, — сказаў Папа пасля малітвы «Анёл Панскі», якую правёў 22 сакавіка з бібліятэкі Апостальскага палаца ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пры гэтым Пантыфік адзначыў:

«У гэтыя выпрабавальныя дні, калі чалавецтва дрыжыць ад пагрозы пандэміі, я хачу запрасіць усіх хрысціянаў аб’яднаць свае галасы, звяртаючыся да Нябёсаў. Я запрашаю ўсіх кіраўнікоў Цэркваў і старшыняў усіх хрысціянскіх супольнасцяў, разам з усімі хрысціянамі розных канфесій, упрошваць Найвышэйшага Усемагутнага Бога, прамаўляючы адначасова малітву, якой навучыў нас Езус, наш Пан.

Запрашаю ўсіх рабіць гэта шмат разоў на працягу дня, але і разам прамовіць „Ойча наш“ у наступную сераду, 25 сакавіка, апоўдні.

У гэты дзень, калі многія хрысціяне адзначаюць Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі, Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына, няхай Пан пачуе аднадушную малітву ўсіх сваіх вучняў, якія рыхтуюцца святкаваць перамогу Уваскрослага Хрыста».

Далей Папа сказаў, што ў гэтай жа інтэнцыі ў пятніцу 27 сакавіка а 18-й гадзіне ўзначаліць малітву перад базылікай святога Пятра на пустой плошчы.

«Ужо сёння запрашаю ўсіх духоўна прыняць у ёй удзел праз сродкі масавай інфармацыі. Выслухаем Слова Божае, узнясем нашы просьбы, памолімся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якім напрыканцы я ўдзялю благаслаўленне Urbi et Orbi, падчас якога будзе магчыма атрымаць поўны адпуст.

На пандэмію вірусу мы хочам адказаць усеагульнай малітвай спачування і пяшчоты.

Будзем аб’яднанымі. Пакажам нашу блізкасць да самотных і тых людзей, якія перажываюць найбольшае выпрабаванне»,

— заахвоціў Пантыфік.

На заканчэнне Папа выказаў салідарнасць з харвацкім народам, які раніцай 22 сакавіка пацярпеў ад землятрусу.

Абноўлена 23.03.2020 16:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа