Пошук

03.03.2020 10:01   Паводле: Еkai.pl / Catholic.by
Фота: news.ugcc.ua

Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук падарыў Папу Францішку ікону Маці Божай, выкананую на вечцы скрыні з-пад боепрыпасаў. Ікона сімвалізуе боль украінскага народа з прычыны вайны, якая ідзе на ўсходзе краіны.

Як паведамляе Еkai.pl, 29 лютага Пантыфік прыняў кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на прыватнай аўдыенцыі ў Доме святой Марты ў Ватыкане.

Арцыбіскуп распавёў Святому Айцу пра стан падрыхтоўкі да пасяджэння УГКЦ і крокі па апрацоўцы душпастырскага плану на бліжэйшае дзесяцігоддзе, прынятыя Сінодам біскупаў УГКЦ, які праходзіў у Рыме з 1 па 10 верасня 2019 г.

Будучае пасяджэнне пройдзе пад назвай «Іміграцыя, дыяспара і глабальная камунія Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы». Арцыбіскуп Шаўчук патлумачыў, што маецца на ўвазе «праўдзівы і ў правільным значэнні гэтага слова сінадальны шлях кожнай нашай мясцовай супольнасці, які перажываецца нашым Касцёлам у яго глабальнасці».

Іерарх звярнуў увагу, што з’ява масавага пакідання ўкраінцамі іх краіны, закранутай вайной, «хутка змяняе аблічча нашага Касцёла, ствараючы неадкладны душпастырскі выклік».

Таму, па яго словах, дэвіз гэтага пасяджэння — «Твой Касцёл заўсёды і ўсюды з табой».

Папа выказаў поўную падтрымку душпастырскім ініцыятывам УГКЦ, падкрэсліўшы вялікую неабходнасць паспяховага душпастырскага суправаджэння Маці-Касцёлам сваіх дзяцей усюды, дзе яны знаходзяцца. Пантыфік заўважыў, што Усходнія Каталіцкія Цэрквы пакліканы рабіць унёсак у пошук належных форм душпастырства, якія адпавядаюць іх традыцыям і сённяшнім патрэбам.

На заканчэнне аўдыенцыі арцыбіскуп падарыў Святому Айцу ікону, напісаную на вечцы скрыні з боепрыпасамі, як сімвал болю ўкраінскага народа з прычыны вайны і сімвал таго, як гэты боль перамяняецца дзякуючы малітве. Ікона прадстаўляе Маці Божую і выражае крык болю, але таксама заклік і праўдзівы супакой.

Папа запэўніў свайго госця, што пастаянна сочыць з увагай за сітуацыяй ва Украіне і моліцца аб міры для яе.

Ён адзначыў, што «не часовае спыненне ваенных дзеянняў, а сапраўдная воля слухання і дыялогу зробіць магчымым мір».

Абноўлена 03.03.2020 10:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа