Пошук

26.02.2020 15:24   Паводле: w2.vatican.va / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: pinterest.de

26 лютага, у Папяльцовую сераду, Святы Айцец увечары скіруецца на Авентын. Адтуль у працэсіі ён пройдзе з бэнэдыктынскай базылікі святога Анзэльма да дамініканскай базылікі святой Сабіны, дзе ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы з абрадам пасыпання галоваў попелам.

Згодна з календаром, апублікаваным Службай літургічных цэлебрацый Найвышэйшага Пантыфіка, у Першую нядзелю Вялікага посту Папа разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі распачне велікапосныя рэкалекцыі ў Доме Боскага Настаўніка ў Арыччы, што пад Рымам. Гэтыя духоўныя практыкаванні будуць працягвацца да 6 сакавіка. На гэты час не запланавана ніякіх мерапрыемстваў з удзелам Пантыфіка.

У пятніцу 20 сакавіка ў 17.00 Святы Айцец узначаліць цэлебрацыю набажэнства з удзяленнем сакрамэнту пакаяння, якое адбудзецца ў ватыканскай базыліцы святога Пятра.

У Пальмовую нядзелю, якая сёлета прыпадае 5 красавіка, Папа ў 10.00 возьме ўдзел у працэсіі з вербамі і ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

9 красавіка, у Вялікі чацвер, раніцай Святы Айцец узначаліць у ватыканскай базыліцы цэлебрацыю святой Імшы Хрызма. Пра месца, дзе Папа Францішак будзе цэлебраваць святую Імшу Вячэры Пана, падчас якой адбываецца абрад абмыцця ног, пакуль не паведамляецца.

У Вялікую пятніцу а 17-й гадзіне Папа ўзначаліць у ватыканскай базыліцы святога Пятра Літургію Мукі Пана, а ў 21.15 возьме ўдзел у традыцыйным набажэнстве Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі.

Святая Пасхальная Вігілія, цэлебрацыю якой у Вялікую суботу 11 красавіка узначаліць Папа Францішак, распачнецца ў ватыканскай базыліцы ў 20.30 па сярэднееўрапейскім часе.

У Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана а 10-й гадзіне Пантыфік узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, а апоўдні пастыр паўсюднага Касцёла ўдзеліць благаслаўленне Urbi et Orbi — «Гораду і свету».

19 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у 10.30 Папа ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Абноўлена 26.02.2020 17:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця