Пошук

26.02.2020 15:09   Паводле: Vatican News
Фота: LifeSite

У сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 26 лютага, у Папяльцовую сераду, на плошчы св. Пятра, Папа Францішак заклікаў вернікаў адправіцца ў Вялікі пост у духоўную пустыню.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што сапраўдная пустыня — гэта ціхае месца, дзе не чуваць нічога, акрамя ветру і ўласнага дыхання. Для вернікаў гэта прастора, вольная ад шуму і напоўненая Божым словам.

Па словах пастыра паўсюднага Касцёла, Біблія сведчыць аб тым, што Бог аддае перавагу пустыні, калі хоча размаўляць з чалавекам.

Менавіта там Ён уручыў Майсею Дзесяць запаведзяў, а калі выбраны народ аддаляўся ад Яго, сказаў: «Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню і буду прамаўляць да яе сэрца. І там заспявае яна, як у дні маладосці сваёй» (Ос 2, 16-17). «У пустыні мы знаходзім блізкасць з Богам, знаходзім любоў Пана. Езус любіў штодзённа сыходзіць у пустыннае месца, каб маліцца. Ён навучыў нас шукаць Айца, які прамаўляе да нас у цішыні», — звярнуў увагу Папа.

«Вялікі пост — гэта спрыяльны час для стварэння месца Божаму слову. Гэта час, калі трэба выключыць тэлевізар і разгарнуць Біблію. Калі я быў малы, не было тэлевізара, але існавала звычка адмаўляцца ад радыё. Вялікі пост — гэта час для пустыні. Гэта час, каб адарвацца ад смартфона і “падключыцца” да Евангелля. Гэта час, каб адмовіцца ад непатрэбных слоў, ад распаўсюджвання чутак, абгаворвання, пляткарства, каб размаўляць з Панам на “ты”. Гэта час, які трэба прысвяціць здаровай экалогіі душы, навядзенню парадку ў ёй», — сказаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што «мы жывём у асяроддзі, празмерна забруджаным вербальным насіллем, рэкламай і каварнымі паведамленнямі».

«Мы прызвычаіліся слухаць усё пра ўсіх і рызыкуем скаціцца ў марнасць, якая робіць сэрца неадчувальным», — дадаў Пантыфік.

«Нам цяжка ідэнтыфікаваць голас Пана, які прамаўляе да нас, голас сумлення, голас дабра. Езус, клічучы нас у пустыню, запрашае пачуць тое, што важнае. Д’яблу, які Яго спакушаў, Ён адказаў: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4). Як хлеба, больш, чым хлеба, мы патрабуем Божага слова, мы патрабуем размовы з Богам, патрабуем малітвы, бо толькі перад абліччам Бога становяцца бачнымі духоўныя схільнасці і спадаюць маскі з душы. Пустыня — гэта прастора жыцця, а не смерці, бо дыялог з Богам у цішыні вяртае нам жыццё», — сцвердзіў Папа.

Святы Айцец заўважыў таксама, што пустыня — месца, дзе патрэбна толькі самае неабходнае. Ён заклікаў уважліва паглядзець на сваё жыццё, каб зразумець, «колькі непатрэбных рэчаў нас акружае».

«Мы імкнёмся да тысяч розных рэчаў, якія здаюцца нам патрэбнымі, а на самой справе, такімі не з’яўляюцца. Як карысна нам было б вызваліцца ад шматлікіх павярхоўных рэчаў, каб па-новаму адкрыць каштоўнае, каб зноў адкрыць для сябе абліччы людзей, якія знаходзяцца побач! І тут Езус дае нам прыклад посту. Пасціць — значыць быць здольным адмаўляцца ад пустога, непатрэбнага, імкнуцца да важнага. Пасціць — не значыць сесці на дыету, але імкнуцца да самага істотнага, шукаць прыгажосці ў больш простым жыцці», — дадаў Папа.

Святы Айцец зазначыў, што пустыня — гэта і месца адзіноты.

«Таксама сёння побач з намі шмат пустынь, шмат адзінокіх людзей, самотных і кінутых. Колькі бедных і пажылых асобаў побач з намі; яны жывуць у маўчанні, не робячы шуму, адчужаныя і спісаныя!

Навіны пра іх не цікавяць шырокую аўдыторыю. Але пустыня вядзе нас да іх, да тых, хто не размаўляе месяцамі, хто моўчкі просіць нашай дапамогі. Шлях велікапоснай пустыні — гэта шлях міласэрнай любові да самых слабых», — падкрэсліў Папа.

Паныфік нагадаў, што малітва, пост і ўчынкі міласэрнасці — шлях велікапоснай пустыні, у якой адкрываецца шлях, што вядзе ад смерці да жыцця.

«Увойдзем у пустыню разам з Езусам і зможам выйсці з яе, смакуючы Пасху, сілу Божай любові, якая абнаўляе жыццё. З намі адбудзецца тое ж, што і з пустынямі, якія вясной пачынаюць квітнець, нечакана даюць “з нічога” прарасці пупышкам і раслінам. Будзем з адвагай ісці за Езусам у пустыню: з Ім нашы пустыні расквітнеюць», — гэтымі словамі завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця