Любіць шчодра, з усмешкай, блізкасцю, служэннем, а таксама са слязьмі заклікаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 лютага прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа прысвяціў катэхезу другому евангельскаму благаслаўленню: «Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць» (Мц 5, 4). Ён заўважыў, што на грэчаскай мове гэтае благаслаўленне выражана не ў пасіўнай, а актыўнай форме: «якія засмучаюцца», плачуць з глыбіні душы. Гаворка ідзе пра досвед, які айцы-пустыннікі, першыя ў гісторыі манахі, называлі penthos. Ён азначае ўнутраныя пакуты, што адкрываюць на адносіны з Панам і бліжнім.
Пантыфік нагадаў, што ў Святым Пісанні такі смутак можа мець два аспекты: можа ўзнікнуць па прычыне смерці ці пакут іншага чалавека, а можа быць выкліканы ўласным грахом, «калі сэрца абліваецца крывёю ад таго, што абразілі Бога і бліжняга».
Гаворачы пра першае значэнне, Святы Айцец падкрэсліў, што ёсць людзі, якія заўсёды трымаюцца на дыстанцыі ад іншых, у той час як важна, «каб іншыя прабілі адтуліну ў нашым сэрцы».
«Я часта казаў пра дар слёз і яго каштоўнасць. Ці магчыма любіць халодна? Ці магчыма любіць у сілу абавязку? — Вядома, што не. Існуюць засмучаныя, якіх трэба суцешыць, але ёсць таксама і суцешаныя, якіх трэба засмуціць, абудзіць. Гэта людзі, якія маюць каменнае сэрца і развучыліся плакаць. Трэба абудзіць тых, каго не кранае боль іншых», — сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што горкім, але карысным досведам можа стаць нават жалоба, бо яна дапамагае «раскрыць вочы на жыццё, на сакральную і незаменную каштоўнасць кожнага чалавека». У такія хвіліны мы ўсведамляем, наколькі кароткі час, дадаў Папа.
Каментуючы другое значэнне «гэтага парадаксальнага благаслаўлення» — засмучацца па прычыне ўласнага граху, — Святы Айцец заклікаў да праніклівасці. Ён заўважыў, што ёсць людзі, якія раздражняюцца, калі памыляюцца, — гэта пыха. Адваротная пастава — плач па прычыне «ўчыненага зла, нязробленага дабра, здрады адносінам з Богам», лічыць Пантыфік.
«Гэта плач ад недахопу любові, які ўзнікае, калі маем у сэрцы жыццё іншых. У такой сітуацыі мы плачам, бо не адпавядаем Пану, які нас моцна любіць, нас засмучае сама думка пра дабро, якое не зрабілі; гэта адчуванне граху.
Такія людзі кажуць: “Я параніў таго, каго люблю”, і гэта іх засмучае аж да слёз. Няхай жа будзе благаслаўлёны Бог, калі будзем мець такія слёзы!»
— сказаў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў, што для святога Пятра смутак па прычыне здрады стаў шляхам да «новай і значна больш сапраўднай любові», ачысціў і абнавіў яго сэрца, а для Юды, які не прыняў уласнай памылкі, наадварот — стаў прычынай самазабойства. Ён падкрэсліў, што ўсведамленне граху — гэта Божы дар і плён Святога Духа, аб якім трэба прасіць.
Пантыфік спаслаўся на словы святога Яфрэма Сірыйскага, які казаў, што «твар, абмыты слязьмі, з’яўляецца невымоўна прыгожым». У ім ёсць прыгажосць пакаяння, плачу, скрухі.
«Як заўсёды, хрысціянскае жыццё найлепшым чынам выражаецца ў міласэрнасці. Мудры і шчаслівы той, хто прымае боль, звязаны з любоўю, бо атрымае суцяшэнне Святога Духа, якім ёсць пяшчотнасць Бога, што прабачае і папраўляе. Бог заўсёды прабачае, не будзем забываць пра гэта. Бог заўсёды прабачае, нават самыя страшныя грахі. Праблема ў тым, што мы стамляемся прасіць прабачэння», — нагадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што Бог «не паступае з намі паводле грахоў нашых і паводле правін нашых нам не адплачвае». З усведамленнем гэтага зможам жыць у міласэрнасці, спагадзе, у нас праявіцца любоў.
«Няхай Пан дазволіць нам любіць шчодра, любіць з усмешкай, блізкасцю, служэннем, а таксама са слязьмі»,
— пажадаў Святы Айцец на заканчэнне катэхезы.