Пошук

05.02.2020 16:49   Паводле: Vatican News
Фота: thecatholicuniverse.com

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася ў Ватыкане 5 лютага, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных евангельскім благаслаўленням, якія прагучалі ў Нагорным казанні Хрыста.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на пачатку Пантыфік заклікаў паразважаць над тым, што разумеецца пад словам «убогія». «Калі б Мацвей выкарыстаў толькі гэтае слова, тады б яго значэнне было выключна фінансавым, гэта значыць, гаворка ішла б пра людзей, якія маюць мала ці ўвогуле не маюць сродкаў для ўтрымання і патрабуюць дапамогі іншых», — зазначыў ён.

Евангелле паводле Мацвея, аднак, кажа пра «ўбогіх духам». Гаворка ідзе пра людзей, «якія ў глыбіні душы з’яўляюцца, адчуваюць сябе беднымі, жабракамі». «Езус называе іх шчаслівымі, бо ім належыць Валадарства Нябеснае», — патлумачыў Папа.

«Як часта гаворыцца адваротнае! Трэба быць кімсьці ў жыцці. Трэба рабіць сабе імя... Менавіта адсюль нараджаецца самотнасць і адчуванне сябе нешчаслівым: калі я павінен быць “кімсьці”, тады спаборнічаю з іншымі і жыву ў маніякальным клопаце пра сваё эга.

Калі не прымаю ўласнай беднасці, пачынаю ненавідзець усё, што нагадвае мне пра маю кволасць, бо гэта перашкаджае мне стаць важным, багатым, славутым»,

— заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік нагадаў, што чалавек заўсёды застаецца недасканалым і ўразлівым, але яго жыццё становіцца па-сапраўднаму кепскім, калі ён адмаўляе сваю абмежаванасць. Пыхлівыя асобы не просяць аб дапамозе і прабачэнні, бо павінны «дэманстраваць сваю самадастатковасць».

«Чаму цяжка прасіць прабачэння? Бо гэта прыніжае наша крывадушнае ўяўленне пра сябе. Жыць, спрабуючы схаваць уласныя недахопы, складана і трывожна. Але Езус Хрыстус кажа: быць убогімі — гэта благаслаўлёная магчымасць. І паказвае нам шлях выйсця з гэтай цяжкасці. Ён даў нам права быць убогімі духам, бо гэта шлях Божага Валадарства», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу, што, як ні парадаксальна, людзям не трэба рабіць захады, каб стаць убогімі духам, бо яны такімі і ёсць. Гэта нармальны чалавечы стан.

«Валадарства Нябеснае належыць убогім духам. Ёсць тыя, хто мае валадарствы гэтага свету: маюць даброты і камфорт. Але такія валадарствы маюць канец.

Улада людзей і нават самыя вялікія імперыі адыходзяць і знікаюць. Вельмі часта мы бачым у выпусках навін ці ў газетах моцных і магутных уладароў ці кіраўнікоў, якія яшчэ ўчора былі, а сёння іх няма, яны палі. Багацці гэтага свету прамінаюць, таксама як і грошы. Старажытныя казалі, што ў саване няма кішэняў. Гэта праўда. Я ніколі не бачыў, каб за пахавальным картэжам ехаў фургон, які выкарыстоўваецца для пераезду: ніхто не возьме з сабой нічога. Усе багацці застануцца тут», — сказаў Папа.

Святы Айцец патлумачыў, што «рэальна валадарыць той, хто здольны любіць сапраўднае дабро больш за самога сябе», а Езус прадэманстраваў сваю ўладу так, як не маглі гэтага зрабіць зямныя валадары: даў жыццё людзям. «Вось сапраўдная ўлада», — падкрэсліў ён.

Па словах Папы, існуе ўбогасць, якую трэба прыняць і шукаць: гэта ўбогасць адносна рэчаў гэтага свету, якая дае свабоду і здольнасць любіць.

«Мы заўсёды павінны шукаць свабоды сэрца, якая мае свае карані ў нашай убогасці»,

— завяршыў катэхезу Пантыфік.

Абноўлена 06.02.2020 09:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа