Пошук

29.01.2020 14:40   Паводле: Vatican News
Фота: ncronline.org

Евангельскія благаслаўленні сталі тэмай новага катэхетычнага цыклу Папы Францішка. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 29 студзеня Пантыфік заўважыў, што менавіта з іх Езус распачаў сваё знакамітае Нагорнае казанне.

«Цяжка застацца абыякавым да гэтых словаў, таму слушным з’яўляецца жаданне зразумець іх і прыняць яшчэ паўней. Яны ўтрымліваюць у сабе „пашпарт“ хрысціяніна, бо акрэсліваюць аблічча самога Езуса, Яго лад жыцця», — сказаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«У першую чаргу важна тое, як было абвешчана гэта пасланне: Езус, убачыўшы натоўп, што ішоў за Ім, узышоў на спадзісты схіл, які акружаў Галілейскае возера, сеў і, звяртаючыся да сваіх вучняў, абвясціў благаслаўленні. Пасланне было адрасавана вучням, але на гарызонце былі натоўпы, гэта значыць усё чалавецтва. Гэта пасланне да ўсяго чалавецтва», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец параўнаў галілейскія пагоркі, дзе прапаведаваў Езус, з гарой Сінай, на якой Бог уручыў Майсею Дзесяць запаведзяў. Езус пачаў вучыць новаму закону: быць беднымі, быць лагоднымі, быць міласэрнымі...

«Гэтыя „новыя запаведзі“ з’яўляюцца нашмат больш, чым проста нормамі. Сапраўды, Езус не навязваў нічога, але паказваў шлях да шчасця — Яго шлях, — паўтараючы восем разоў слова „шчаслівыя“»,

— дадаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што кожнае благаслаўленне складаецца з трох частак. Спачатку ідзе слова «шчаслівыя»; потым узгадваецца сітуацыя, у якой яны знаходзяцца: убогасць духам, засмучанасць, голад, прага справядлівасці і г.д.; напрыканцы змяшчаецца прычына благаслаўлення са злучнікам «бо».

«Трэба ўважліва паставіцца да гэтага факту: прычынай благаслаўлення з’яўляецца не актуальная сітуацыя, але новы стан, які шчаслівыя атрымліваюць у дар ад Бога: „бо іх ёсць Валадарства Нябеснае“, „бо яны будуць суцешаныя“, „бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю“ і г.д.», — патлумачыў Святы Айцец.

«Але што азначае слова „шчаслівы“? Чаму кожнае з васьмі благаслаўленняў пачынаецца словам „шчаслівы“? Арыгінальны тэрмін азначае не таго, хто мае поўны страўнік ці адчувае сябе добра, а чалавека, які знаходзіцца ў стане ласкі, які трывае ў Божай ласцы і крочыць Божым шляхам: цярплівасць, беднасць, служэнне іншым, суцяшэнне... Тыя, хто трывае ў гэтым — шчаслівыя і будуць благаслаўлёнымі», — сказаў Папа.

Ён нагадаў, што Бог, каб падарыць сябе чалавеку, часта выбірае непрадказальныя шляхі: нашы абмежаванні, слёзы, паражэнні.

«Гэта пасхальная радасць, пра якую кажуць браты з Усходу, якая мае стыгматы, але з’яўляецца жывой. Яна прайшла праз смерць і сустрэлася з Божай моцай. Благаслаўленні вядуць да радасці, заўсёды. Яны з’яўляюцца шляхам да дасягнення радасці», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Добра было б, каб мы сёння ўзялі Евангелле св. Мацвея, адкрылі пяты раздзел, ад першага да адзінаццатага верша, і прачыталі благаслаўленні. Тое ж можна рабіць і часцей, на працягу тыдня, каб зразумець гэты вельмі цудоўны шлях, вельмі надзейны шлях да шчасця, які Бог прапануе нам», — сказаў Пантыфік на заканчэнне катэхезы.

Вітаючы вернікаў, прысутных на аўдыенцыі, Папа заўважыў, што благаслаўленні — гэта сапраўдная тапаграфічная карта для чалавека, якая дапамагае зрабіць жыццё шэдэўрам.

Абноўлена 29.01.2020 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа