Папа Францішак адзначае 50-годдзе святарства: 13 снежня 1969 года ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук аргентынскага біскупа Рамона Хасэ Кастэляна, пастыра Кордаўскай архідыяцэзіі.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец распавядаў, што вызначальным днём для распазнання Божага паклікання ў яго жыцці стала 21 верасня 1953 года. Як і многія іншыя маладыя людзі, Хорхэ Марыё Бэргольё спяшаўся тады на святкаванне Дня студэнта ў кампаніі сваіх найлепшых сяброў. Перад гэтым, аднак, будучы практыкуючым католікам, ён вырашыў зайсці ў парафіяльны касцёл і прыступіць да споведзі. У канфесіянале ён сустрэў незнаёмага святара, які моцна яго ўразіў.
«У той дзень <…> я вярнуўся дамоў з моцнай упэўненасцю: я хацеў, я павінен быў стаць святаром», — казаў Папа. Праз 13 гадоў пасля гэтай гісторыі ён стаў на калені перад біскупам, каб праз ускладанне рук атрымаць сакрамэнт пасвячэння і пачаць сваё святарскае служэнне Богу і людзям.
«Тое, што мне больш за ўсё падабаецца — гэта быць святаром», — прызнаўся папа Францішак у адным з інтэрв’ю, падкрэсліўшы, што аддае перавагу таму, каб яго называлі «ойча».
Гэтае «духоўнае айцоўства» ён рэалізуе ў сваім жыцці ўжо на працягу паўстагоддзя. Спачатку як прэзбітэр, потым як біскуп, а цяпер як Наступнік святога Пятра, папа Францішак нястомна атуляе айцоўскім клопатам вернікаў, духавенства, кансэкраваных асобаў, бедных, хворых, людзей, якія вераць іншым чынам ці ўвогуле знаходзяцца далёка ад Бога.
З нагоды 50-гадовага юбілею святарства папа Францішак увечары прадставіць пяцітомны збор твораў свайго колішняга духоўнага айца аргентынскага езуіта Мігэля Ангэля Ф’ёрыто, якога ён сам называе сваім настаўнікам.