13 снежня, у дзень 50-гадовага юбілею свайго прэзбітэрскага пасвячэння, папа Францішак прадставіць пяцітомны збор твораў свайго колішняга духоўнага айца аргентынскага езуіта Мігэля Ангэля Ф’ёрыто, апрацаваных айцом Хасэ Луісам Нарвахам і выдадзеных рэдакцыяй часопіса La Civiltà Cattolica.
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, матэрыялы, сабраныя і пададзеныя ў храналагічным парадку, ахопліваюць перыяд з 1952 па 1991 год. У іх знайшлі адлюстраванне розныя этапы жыцця айца Ф’ёрыто: час, калі ён быў рэктарам універсітэта Эль-Сальвадор у Буэнас-Айрэсе, дэканам і выкладчыкам на факультэце філасофіі каледжа ў Сан-Мігэлі, а таксама час, калі яму давялося быць духоўным айцом і адказным за фармацыю маладых езуітаў. Многія ягоныя працы датычацца ордэна езуітаў, а таксама духоўнага распазнавання ў святле эклезіяльнага і сацыяльнага кантэксту Лацінскай Амерыкі і мясцовай народнай пабожнасці.
У прадмове да выдання, якую напісаў папа Францішак, ён нязменна называе свайго духоўнага айца «настаўнікам Ф’ёрыто». Святы Айцец характарызуе яго як чалавека дыялогу, які ўмеў слухаць і многіх людзей навучыў маліцца, весці сяброўскую размову з Богам, а таксама распазнаваць знакі часу ў дыялогу з людзьмі і рознымі культурамі.
«Яго духоўная школа — гэта школа дыялогу і ўмення слухаць, — падкрэсліў Святы Айцец. — Гэта школа, адкрытая для слухання і дыялогу з усімі „ў добрым духу“, у нязменным жаданні і імкненні толькі да таго, што добрае».
Чытаючы кнігу, можна знайсці, адкуль бяруць вытокі многія думкі папы Францішка, а таксама прасачыць за іх развіццём. Айцец Ф’ёрыто разам з маладымі езуітамі праводзіў тэалагічны дыялог, які грунтаваўся на душпастырскім вопыце, атрыманым у розных парафіях.
Чатыры прынцыпы, закладзеныя ў аснову Апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium, былі плёнам разважання ў той групе.
Такім чынам, гартаючы старонкі твораў айца Ф’ёрыто, можна як быццам «зазірнуць» у самае сэрца цяперашняга пантыфікату і адкрыць яго найглыбейшыя духоўныя карані.
«Выданне твораў айца Мігэля Ангэля Ф’ёрыто становіцца прычынаю радасці для нас — тых, хто ўжо шмат гадоў чэрпае з яго вучэння. Гэтыя творы прынясуць шмат дабра ўсяму Касцёлу», — упэўнены папа Францішак.