![](/3/images/news/2019/12/2019-12-04-pe.jpg)
Евангелізацыйная місія апостала Паўла ў Эфесе стала тэмай агульнай аўдыенцыі папы Францішка, якая прайшла 4 снежня на плошчы св. Пятра. Пантыфік працягнуў свае разважанні над кнігай Дзеяў Апосталаў.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец распавёў, як дзякуючы Паўлу каля дванаццаці вучняў з Эфеса атрымалі хрост і перажылі досвед спаслання Святога Духа, Які адрадзіў іх да новага жыцця.
«Шматлікія цуды чыніліся праз апостала: да хворых вярталася здароўе, а апантаныя злымі духамі атрымлівалі вызваленне. Так адбывалася таму, што вучань быў падобны да свайго Настаўніка і нёс Яго, перадаючы братам тое ж новае жыццё, якое сам ад Яго атрымаў», — падкрэсліў папа Францішак.
Пантыфік заўважыў, што ў Эфесе магутнасць Бога сарвала маскі з тых, хто хацеў выкарыстоўваць імя Езуса, каб выганяць злых духаў, не маючы для гэтага патрэбнай духоўнай сілы, і паказала слабасць чараўніцтва, ад якога адмовілася вялікая колькасць людзей, выбіраючы Хрыста.
«Гэта было сапраўдным пераваротам для такога горада, як Эфес, які быў славутым цэнтрам чараўніцтва! Святы Лука падкрэслівае несумяшчальнасць веры ў Хрыста з такімі практыкамі.
Калі выбіраеш Хрыста, не можаш звяртацца да чараўніка: вера — гэта адданне ў рукі Бога, вартага даверу, Які пазнаецца не праз акультныя практыкі, але праз аб’яўленне, дзякуючы бескарыслівай любові»,
— сказаў Пантыфік.
Святы Айцец звярнуў увагу, што распаўсюджванне Евангелля ў Эфесе нанесла ўрон камерцыйнай дзейнасці рамеснікаў, якія рабілі срэбныя святыні Артэміды і добра на гэтым зараблялі. Яны пачалі абвінавачваць хрысціян у зневажанні культу гэтай багіні і ўзбунтавалі супраць іх увесь горад.
Павел пакінуў гэта месца і накіраваўся ў Ерузалем, але па дарозе спыніўся ў Мілеце, куды склікаў старэйшых Касцёла ў Эфесе. Тут ён звярнуўся з развітальнай прамовай, якая стала пэўнага роду «духоўным запаветам апостала» для гэтай супольнасці вернікаў, заклікаючы пастыраў «дбаць пра сябе і ўвесь статак». Папа Францішак назваў гэты ўрывак адной з самых цудоўных частак кнігі Дзеяў Апосталаў і заклікаў вернікаў перачытаць яго.
«“Дбайце пра сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю”, — так кажа.
Ад біскупаў патрабуецца максімальная блізкасць да статка, прыдбанага каштоўнай крывёю Хрыста, і гатоўнасць абараніць яго ад “ваўкоў”.
Біскупы павінны быць максімальна блізкімі да народа, каб ахоўваць яго, каб бараніць яго. Не павінны аддаляцца ад яго», — сцвердзіў Папа.
На заканчэнне катэхезы Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца аб умацаванні сваёй любові да Касцёла і скарбу веры, які ён захоўвае, і заставацца суадказнымі за абарону статка, «падтрымліваючы малітвай пастыраў, каб сведчылі сабой рашучасць і ласкавасць Боскага Пастыра».