Увечары 26 кастрычніка прайшло апошняе пасяджэнне Спецыяльнай асамблеі Сіноду Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне на тэму «Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі». Па яго выніках быў прыняты і абнародаваны тэкст Выніковага дакументу.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент, апублікаваны на іспанскай мове, складаецца з 5-і раздзелаў, падзеленых на 120 пунктаў.
Лейтматывам у ім з’яўляецца тэма навяртання.
Сінадальныя Айцы заклікаюць да «інтэгральнага навяртання»; звяртаюць увагу на пакуты Амазоніі, звязаныя са знішчэннем прыроднага багацця і рэсурсаў рэгіёну, ростам злачыннасці, наркаманіяй, гандлем людзьмі. Яны прапануюць стварэнне місійных груп, пакліканых у супрацоўніцтве з парафіямі дзейнічаць на карысць людзей, якія былі вымушаны пакінуць родныя землі і асесці ў гарадах.
У дакуменце гучыць заклік да «душпастырскага навяртання». Айцы Сіноду прапанавалі кожнаму манаскаму таварыству заснаваць прынамсі адно месца служэння ў Амазоніі. Трэба спрыяць таму, каб у евангелізацыі рэгіёну бралі актыўны ўдзел мясцовыя жыхары.
Выніковы дакумент заклікае да «культурнага навяртання», у сувязі з чым адзначаецца важнаць інкультурацыі і міжкультурнага падыходу. Гаворыцца пра патрэбу раскрыць патэнцыял мясцовай народнай пабожнасці, якая павінна быць «ачышчана», каб весці насустрач Езусу.
Адзначаецца, што Касцёл пакліканы быць саюзнікам народаў Амазоніі ў барацьбе за іх годнасць і абарону правоў.
На Сінодзе прапанавалі стварыць касцёльныя маніторангавыя цэнтры, якія будучы займацца вывучэннем традыцый, моваў, вераванняў і памкненняў карэнных народаў. Прапануецца таксама стварэнне касцёльнай камунікацыйнай сеткі, якая павінна выконваць адукацыйную функцыю.
Сінадальныя Айцы кажуць пра патрэбу «экалагічнага навяртання», прапануюць увесці паняцце «экалагічны грэх» і заклікаюць міжнародную супольнасць да салідарнасці з рэгіёнам.
«Сінадальнае навяртанне», паводле біскупаў, патрэбна, каб спрыяць служэнню і адказнасці за Касцёл з боку свецкіх вернікаў.
Шмат месца ў дакуменце прысвечана ролі жанчын. Адзначаецца, што яны павінны мець магчымасць выконваць служэнні, не звязаныя са святарствам.
У сувязі з гэтым прапануецца пераглядзець указанні Паўла VI на тэму паслуг лектарату і акалітату.
На Сінодзе ішла гаворка пра ўмацаванне сталага дыяканату мужчын, які ўжо існуе, пра паляпшэнне фармацыі святароў і дыяканаў.
Біскупы падкрэслілі каштоўнасць цэлібату і заклікалі да малітвы аб пакліканнях.
Гаворачы, аднак, аб праблемах супольнасцей, пазбаўленых сакрамэнтальнай паслугі, Сінод кажа пра патрэбу вызначэння крытэрыяў і прадпісанняў, на аснове якіх можна было б удзяляць прэзбітэрскае пасвячэнне сталым дыяканам для служэння ў аддаленых рэгіёнах Амазоніі.
Дакумент удакладняе, што гэта пытанне павінна разглядацца на ўзроўні Паўсюднага Касцёла.
Сінадальныя Айцы прапанавалі заснаваць Амазонскі каталіцкі ўніверсітэт, а таксама стварыць камісію, якая б прааналізавала магчымасць стварэння амазонскага літургічнага абраду. У гэтым кантэксце адзначалася патрэба ў перакладзе біблійных і літургічных тэкстаў на мовы карэнных народаў.
У нядзелю 27 кастрычніка папа Францішак у ватыканскай базыліцы святога Пятра ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якая стала ўрачыстым заканчэннем працы Спецыяльнай асамблеі Сіноду Біскупаў па Амазоніі.
У прамоўленай гаміліі Святы Айцец разважаў над евангельскім апавяданнем пра малітву фарысея і мытніка, якое чыталася ў нядзелю.
Пантыфік заўважыў, што фарысей дасканала прытрымліваўся рэлігійных прадпісанняў, але быў празмерна засяроджаны на сабе: не меў любові.
«Нават найлепшыя рэчы нічога не вартыя без любові, як кажа святы Павел», — нагадаў Папа.
Паводле яго, засяроджанасць на сабе і самаўзвышэнне вядзе да забыцця пра Бога і бліжняга, што і здарылася з евангельскім фарысеем. Людзі, якія паступаюць падобным чынам, нішчаць традыцыі народаў, іх гісторыю, захопліваюць іх землі і багацці, сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.
«Папросім у Бога ласкі, каб мы не лічылі сябе вышэйшымі за іншых, не лічылі сябе патрабуючымі дапамогі, каб не станавіліся цынічнымі і здзеклівымі. Папросім Езуса, каб вылечыў нас ад абгаворвання іншых і наракання на іх, ад пагарды да каго б там ні было: гэта рэчы, якія не падабаюцца Богу», — перасцярог Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што малітва чалавека, які лічыць сябе справядлівым, застаецца на зямлі, прыцягнутая «гравітацыйнай сілай эгаізму», а малітва беднага чалавека ўзносіцца да Бога.
Папа Францішак з жалем падкрэсліў, што часам у Касцёле бедных не слухаюць, высмейваюць і прымушаюць маўчаць, бо іх галасы нязручныя. «Памолімся аб тым, каб мы былі здольнымі чуць бедных: гэта крык надзеі Касцёла. Калі зробім іх крык нашым, таксама і наша малітва прасякне аблокі», — сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.