Пошук

19.09.2019 10:15   Паводле: Vatican News
Фота: cruxnow.com

Карыстацца мастацтвам распазнання ў сітуацыях, якія перавышаюць прывычныя схемы, заклікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 верасня прайшла ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, нагадаў, што на забарону юдэяў навучаць у імя Хрыста Пётр і апосталы з мужнасцю адказалі, што «не могуць слухацца тых, хто імкнецца спыніць падарожжа Евангелля па свеце». Бліжэйшыя вучні Езуса былі «паслухмяныя ў веры», якую жадалі абудзіць ва ўсіх людзях. Пачынаючы з Пяцідзясятніцы, яны не былі «самотнымі», адчуваючы «асаблівую сувязь са Святым Духам», нагадаў Папа.

«Умацаваныя гэтым саюзам, апосталы нікому не дазвалялі сябе запалохаць. У іх была мужнасць, якая ўражвае. Прыгадаем, што спачатку яны былі баязліўцамі: усе ўцяклі, калі быў затрыманы Езус. Але потым з баязліўцаў ператварыліся ў адважных. Чаму? Таму што Святы Дух быў з імі», — заўважыў Пантыфік.

«Так жа здараецца і з намі: калі мы носім у сабе Святога Духа, атрымаем адвагу, неабходную, каб ісці наперад, перамагаць у шматлікіх змаганнях, толькі не сваімі сіламі, а сілай Духа, які ёсць у нас»,

— дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што апосталы не адступалі назад у бясстрашным сведчанні аб Уваскрослым Езусе. Яны былі «мегафонамі» Святога Духа, «якіх Уваскрослы паслаў распаўсюджваць, з гатоўнасцю і без ваганняў, слова, што нясе збаўленне».

«Гэтая рашучасць скалыхнула юдэйскую “рэлігійную сістэму”, якая адчула сябе пад пагрозай і адказала насіллем і смяротнымі выракамі. Пераслед хрысціян заўсёды аднолькавы: людзі не жадаюць хрысціянства, адчуваюць сябе пад пагрозай і пачынаюць забіваць хрысціян. Але ў Сінэдрыёне ўзняў голас адзін фарысей, які вырашыў стрымаць рэакцыю сваіх: Гамаліэль, “настаўнік Закону, паважаны ўсім народам”. У яго св. Павел вучыўся захоўваць “айцоўскі Закон” (пар. Дз 22, 3). Гамаліэль узяў слова і паказаў сваім братам, як карыстацца мастацтвам распазнання перад абліччам сітуацый, якія перавышаюць прывычныя схемы», — падкрэсліў Пантыфік.

Узгадваючы некаторых дзеячаў, якія выдавалі сябе за Месію, Гамаліэль паказаў, «што кожная людская справа можа спачатку выклікаць ухваленне, але потым пацерпіць паразу», а той, што паходзіць з вышыняў і носіць на сабе «подпіс» Бога, наканавана трываць, нагадаў Папа.

«Чалавечыя задумы нясуць паразу заўсёды, яны часовыя, як і мы. Узгадаем шматлікія палітычныя праекты і тое, як яны змяняліся ва ўсіх краінах. Падумаем пра вялікія імперыі, пра дыктатуры мінулага стагоддзя. Яны адчувалі сябе самымі магутнымі, здольнымі панаваць над светам, а потым усе пацярпелі паразу. Падумайце таксама пра сучасныя імперыі: яны падуць, калі з імі няма Бога, бо сіла, якую людзі маюць у сабе, нетрывалая. Толькі сіла Бога трывае», — сказаў Пантыфік.

«Падумаем пра гісторыю хрысціянства, пра гісторыю Касцёла, з яго шматлікімі грахамі, скандаламі, шматлікімі кепскімі справамі, якія здарыліся за гэтыя два тысячагоддзі. І чаму ён не паў? Таму што ў ім ёсць Бог»,

— адзначыў ён.

Святы Айцец заўважыў, што сваімі «спакойнымі і дальнабачнымі» словамі Гамаліэль заклікае да праніклівасці. Ён кажа, што, «калі вучні Езуса з Назарэта паверылі самазванцу, ім наканавана знікнуць; а калі наследуюць таго, хто прыйшоў ад Бога, — лепш з імі не змагацца; і папярэджвае: “Каб часам вы не змагаліся з Богам!”»

«Папросім Святога Духа дзейнічаць у нас, каб, як на асабістым узроўні, так і на супольным, мы маглі набыць habitus праніклівасці. Папросім Яго аб здольнасці заўсёды бачыць адзінства гісторыі збаўлення праз знакі праходжання Бога ў нашым часе і абліччах тых, хто побач з намі, каб зразумелі, што час і абліччы людзей — гэта пасланцы Бога жывога», — заклікаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі пастыр паўсюднага Касцёла заахвоціў вернікаў маліцца аб дары праніклівасці, каб распазнаваць знакі прысутнасці Бога ў свеце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.