Пошук

18.09.2019 12:07   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Salt and Light Catholic Media Foundation

16 верасня папа Францішак аднавіў гаміліі на святой Імшы ў Доме св. Марты ў Ватыкане. Гэтым разам ён прысвяціў гамілію тэме малітвы за палітыкаў і ўлады.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа, спасылаючыся на першае чытанне з Паслання св. апостала Паўла да Цімафея, падкрэсліў, што ўвесь Божы народ пакліканы маліцца за тых, хто мае ўладу, «пазбягаючы гневу і палемікі».

Дзяржаўных кіраўнікоў, гэтак жа як і кіраўнікоў Касцёла, адзначыў Святы Айцец, атачаюць як ліслівасць, так і абразы: нават калі хтосьці іх заслугоўвае, абразы не павінны стаць звычкай веруючага чалавека.

Нярэдка малітва «за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу», да якой заклікае апостал Павел, ператвараецца ў «ружанец абразаў і лаянкі», і мы пакідаем нашых валадароў «у адзіноце, не просячы Бога іх благаславіць».

Кажучы пра ўрадавы крызіс у Італіі, Пантыфік сказаў:

«Хто з нас маліўся за валадароў? Хто з нас маліўся за дэпутатаў, аб тым, каб яны маглі прыйсці да згоды і павесці наперад нашу радзіму? Мяркуючы па ўсім, патрыятычны дух не даходзіць да малітвы, спыняючыся на дыскрэдытацыі, нянавісці і сварках. “Таму жадаю, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, узносячы чыстыя рукі без гневу і спрэчак” (1 Цім 2, 8). Так, дыскутаваць патрэбна, і ў гэтым заключаецца функцыя парламента.

Дыскутаваць, а не прыніжаць іншага, больш за тое, трэба маліцца за іншага, нават калі ён не падзяляе нашага меркавання».

Папа дадаў, што «трэба маліцца за палітыкаў усіх колераў». «Калі народ моліцца за валадароў, валадары таксама будуць здольныя маліцца за народ, падобна таму, як сотнік моліцца за свайго слугу».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця