11 ліпеня на Тэўтонскіх могілках у Рыме ў межах расследавання справы аб знікненні ў 1983 годзе Эмануэлы Арландзі, дачкі супрацоўніка Прэфектуры Папскага дому, былі адкрытыя дзве магілы.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адкрыццё праводзілася персаналам спецыяльнага ведамства Святога Пасаду пад назваю «Фабрыка св. Пятра», а выманне парэшткаў было даручана спецыялісту па крымінальнай антрапалогіі прафесару Джавані Аркудзі і яго супрацоўнікам у прысутнасці адваката сям’і Арландзі.
Першай была адкрыта магіла прынцэсы Сафіі фон Гогенлоэ, памерлай у 1836 г., а потым прынцэсы Шарлоты Фрыдэрыкі Мэкленбургскай, памерлай у 1840 г. Абодва месца пахавання аказаліся цалкам пустымі: у саркафагах не было ніякіх чалавечых парэшткаў. Родныя прынцэс былі неадкладна паінфармаваныя пра гэта.
Таксама не пацвердзілася і гіпотэза аб тым, што ў адной з гэтых магіл могуць знаходзіцца парэшткі пятнаццацігадовай Эмануэлы Арландзі, якая знікла без вестак больш за 35 гадоў таму.
Падставай для такога падазрэння стаў ліст, які нядаўна атрымала сям’я зніклай дзяўчыны. У ім было напісана: «Шукайце там, куды паказвае анёл», а таксама далучаны фотаздымак з надмагільным помнікам у выглядзе анёла з Тэўтонскіх могілак у Ватыкане. Менавіта такія помнікі з анёламі ўсталяваныя над магіламі нямецкіх прынцэс.
Кіраўнік прэс-службы Апостальскай Сталіцы Алесандро Джызоцці паведаміў, што цяпер пачалося вывучэнне дакументацыі адносна будаўнічых прац на тэрыторыі могілак. Яны вяліся тут напрыканцы XІХ cт., а таксама ў 1960–1970 гг. Алесандро Джызоцці падкрэсліў, што Святы Пасад заўсёды быў уважлівы да пакут сям’і Арландзі, і гэта пацвердзіла таксама гатоўнасць правесці даследаванне на Тэўтонскіх могілках.