Пошук

19.06.2019 15:43   Паводле: Vatican News
Фота lifesitenews.com
Фота lifesitenews.com

Касцёл нараджаецца з агню любові, з «пажару», што разгараецца ў дзень Пяцідзясятніцы, з жыватворчай моцы Духа Святога, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 19 чэрвеня ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных разважанню над зместам Кнігі Дзеяў Апосталаў, засяродзіўся на сцэне аб’яўлення ўваскрослага Езуса вучням і Марыі ў Вячэрніку, дзе яны сабраліся на малітву.

Папа назваў гэтую падзею «Божым уварваннем», якое не церпіць замкнёнасці: расчыняе дзверы моцай ветру, што нагадвае ruah — спрадвечны павеў, і выконвае абяцанне моцы, дадзенае Езусам перад унебаўшэсцем (пар. Дз 1, 8).

Знянацку ўварваўся «шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі» (Дз 2, 2). А ўслед з’явіўся агонь.

«У агні Бог перадае сваё жывое і дзейснае слова (пар. Гбр 4, 12), якое адкрывае шлях у будучыню: агонь сімвалічна выяўляе Яго дзеянне па саграванні, прасвятленні і выпрабаванні сэрцаў, Яго руплівасць у праверцы трываласці чалавечых спраў, у іх ачышчэнні і ажыўленні», — заўважыў Пантыфік.

Пра гэта сведчыць і прыклад апостала Пятра, чыё слова, першапачаткова слабое і здольнае нават да адрачэння ад Езуса, кранутае агнём Духа Святога, «набыло моц, стала здольным пранізваць сэрцы і весці да навяртання». «Сапраўды, Бог выбірае слабое свету, каб асароміць моцных (пар. 1 Кар 1, 27)», — падкрэсліў Папа.

«Такім чынам, Касцёл нараджаецца з агню любові, з “пажару”, што разгараецца ў дзень Пяцідзясятніцы і аб’яўляе моц Слова Уваскрослага, прасякнутага Духам Святым.

Новы і канчатковы саюз ужо больш не заснаваны на законе, напісаным на каменных скрыжалях, але на дзеянні Божага Духа, які ўсё абнаўляе і пранікае ў людскія сэрцы»,

— сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Словы апосталаў пад дзеяннем Духа Святога сталі новымі, іншымі і пры гэтым зразумелымі — нібы адначасова перакладзенымі на ўсе мовы свету, звярнуў увагу Папа. На яго думку, гаворка ідзе пра «мову праўды і любові» — «універсальную мову, бо нават непісьменныя могуць яе зразумець».

Пантыфік дадаў, што «Дух Святы выяўляецца не толькі ў сімфоніі гукаў, якая аб’ядноўвае і гарманічна кампануе разнастайнасць», але і як «дырыжор аркестру, які забяспечвае выкананне хвалебнай партытуры ў гонар велічных Божых спраў».

«Дух Святы — майстар адзінства, рамеснік прымірэння, які ўмее знішчаць бар’еры паміж юдэямі і грэкамі, паміж нявольнікамі і свабоднымі, каб учыніць з іх адно цела. Ён будуе супольнасць вернікаў, гарманізуючы цэласнасць цела і шматлікасць яго членаў. Дазваляе Касцёлу расці, дапамагаючы яму перавышаць чалавечыя абмежаванні, грахі і любы разлад», — сказаў Святы Айцец.

З гэтага моманту, па словах Папы, Дух Святы штурхае людскія сэрцы да прыняцця збаўлення, якое зыходзіць ад Езуса Хрыста.

Менавіта Ён удыхнуў Духа, «які дырыжыруе поліфаніяй хвалебных од і якога ўсе могуць слухаць».

«Дух Святы стварае Боскую прыцягальнасць: Бог спакушае нас сваёй Любоўю і такім чынам заахвочвае нас рухаць наперад гісторыю і запускаць працэсы, праз якія прасочваецца новае жыццё. Толькі Дух Божы мае ўладу зрабіць чалавечнай і братэрскай любую рэчаіснасць, пачынаючы з тых, хто Яго прымае», — сказаў Пантыфік.

На заканчэнне катэхезы папа Францішак заклікаў вернікаў прасіць Бога, каб дазволіў адчуць новую Пяцідзясятніцу, якая б абагаціла сэрцы і прывяла чалавечыя пачуцці ў адпаведнасць з пачуццямі Езуса, каб кожны мог без сораму абвяшчаць Яго слова, што абнаўляе, і мог сведчыць пра моц любові, якая заклікае да жыцця ўсё, што сустракае на сваім шляху.

Абноўлена 19.06.2019 15:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа