11 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыi ў Гродне адбылося завяршэнне навучальнага года. Пасля адмысловай сесii, падчас якой былi падведзены вынiкi года, святую Імшу ў семiнарыйнай каплiцы ўзначалiў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
У гамiлii арцыпастыр прыгадаў постаць святога апостала Барнабы, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень. Іерарх адзначыў, што Барнаба не быў апосталам, якога абраў Езус, але так яго называе Традыцыя. Варта заўважыць, што менавiта Барнаба знайшоў Саўла і прывёў Яго да апосталаў, каб потым спадарожнiчаць яму пры абвяшчэннi Евангелля ужо як апосталу народаў Паўлу. Так часта бывае ў жыццi, дадаў арцыбіскуп, што нехта вельмі моцна ўплывае на чалавека і той змяняе сваё жыццё.
Аб гэтым, па словах іерарха, можа засведчыць не адзін святар і семінарыст. На самай справе да святарства кліча Бог, але вельмі часта праз прыклад іншых духоўных асобаў.
«Сёння мы дзякуем Богу за чарговы год фармацыі да святарства ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыi ў Гродне, які шчасліва завяршаецца. Не для ўсіх ён быў лёгкім. Было шмат праблем з прызывам у войска. Адным навука давалася лёгка, іншым складана. Не заўсёды проста было з чалавечай, духоўнай і пастырскай фармацыяй. Аднак калі Бог сапраўды кліча, то і дае адпаведныя ласкі, каб паспяхова пераадолець цяжкасці і потым быць добрым святаром», — сказаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Прыкладам, дадаў іерарх, можа служыць нябесны апякун пробашчаў св. Ян Марыя Віянэй, якому таксама нялёгка давалася вучоба. Распавядаюць, што падчас аднаго экзамена прафесар, цяжка ўздыхаючы, сказаў: «Чаго ў пастырстве зможа дасягнуць гэты асёл?» На гэта Жан Мары адказаў, што калі Самсон сківіцай асла забіў тысячу філістымлянаў, то як шмат можа зрабіць Бог, маючы ў руках цэлага асла.
Ва ўсіх складанасцях, падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, неабходна разам з асабістымі намаганнямі даверыцца Богу.
«Распачынаюцца канікулы, падчас якіх семінарысты будуць праходзіць пастырскую практыку. Гэта час адпачынку, на які неабходна глядзець праз прызму фармацыі да святарства. Таму няма адпачынку ад малітвы, якая павінна быць пастаяннай, — звярнуў увагу іерарх. — Святар — гэта чалавек малітвы, і ёй неабходна вучыцца ўвесь час і практыкаваць яе».
Таксама, адзначыў арцыбіскуп, канікулы — час практычнага пастырскага досведу, які будзе вельмі патрэбны ў будучыні. Гэта і час сведчання паклікання да святарства.
Сведчанне семінарыстаў можа стаць зернем паклікання для юнакоў, якія шукаюць свой жыццёвы шлях.
«Барнаба прывёў да апосталаў Саўла, які стаў апосталам народаў Паўлам. Таксама і семінарысты павінны старацца рабіць падобным чынам», — заўважыў іерарх.
Арцыбіскуп пажадаў семінарыстам фізічна і духоўна адпачыць, набрацца новых сіл, каб шчасліва працягваць далейшую фармацыю і ў будучыні стаць Паўламі і Барнабамі нашага часу.