Пошук

10.06.2019 12:10   Людміла Ярмолава – Віцебскі абласны клінічны шпіталь / Catholic.by

6–7 чэрвеня ў Віцебску прайшла XV міжнародная медыцынская канферэнцыя «Праблемы медычнай этыкі ў сучасным свеце».

Падобныя канферэнцыі праходзяць штогод і з’яўляюцца пастаянным праектам Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскага аблвыканкама пры ўдзеле Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Куратар праекта — мадэратар Віцебскай дыяцэзіі кс. Клеменс Верт SI.

Сёлетняя канферэнцыя была прысвечана праблеме залежнасцяў і залежных формаў паводзінаў.

У працы канферэнцыі ўзялі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Віцебскага абласнога савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама, доктар медыцынскіх навук прафесар Юрый Дзяркач, вядучы спецыяліст Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна Ясюля. Сярод удзельнікаў былі афіцыял Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму чалавечаму развіццю монсеньёр Крыстофер Махар і рэктар Папскага тэалагічнага факультэту Collegium Bobolanum у Варшаве прафесар кс. Пётр Ашык, езуіт, а таксама шэраг спецыялістаў-медыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Шры-Ланкі.

Для таго, каб як мага больш зацікаўленых асобаў магло пазнаёміцца з працай навуковага форуму, была арганізавана відэатрансляцыя канферэнцыі ва ўсе райвыканкамы Віцебскай вобласці.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч благаславіў удзельнікаў канферэнцыі і пажадаў ім плённай працы.

На канферэнцыі прагучаў шэраг дакладаў па актуальнай праблематыцы, у якіх закраналіся не толькі медыцынскія, але і этычныя аспекты. На заканчэнне адбылося асвячэнне пакою для малітвы ў будынку шпіталя, рэканструкцыя якога вядзецца ў абласным цэнтры па вуліцы Горкага. Удзельнікі таксама наведалі медыцынскія ўстановы Віцебска, музеі і памятныя месцы горада, пазнаёміўшыся з яго гісторыяй і сучаснасцю.

Абноўлена 10.06.2019 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа