Пошук

05.06.2019 13:42   Тэкст: бр. Уладзіслаў Мінько OFMCap / Фота: Вікторыя Паплаўская, с. Марыя Мінютка USJK, Марыя Скапец / Catholic.by

2 чэрвеня ў Любліне (Польшча) прайшла чарговая ў гэтым навучальным годзе сустрэча моладзі з Беларусі.

Калі знаходзішся за мяжой і ведаеш, што па тых самых вуліцах ходзяць і твае землякі, канечне ж, хочацца сустрэцца! Хочацца ўдосталь выгаварыцца на роднай мове, штосьці заспяваць з часоў юнацтва, а можа, і патанчыць…

Камусьці гэта больш хочацца, камусьці менш. Ніхто, аднак, не суцешыць так душу, што сумуе па родных, не разагрэе сэрца, азяблага ў змаганні са штодзённасцю, як зробіць гэта Бог.

Магчымасць памаліцца Яму разам па-беларуску, асабліва падчас Эўхарыстыі, — гэта сапраўды вялікая радасць для нас, мясцовых студэнтаў, якой прагнем падзяліцца з Касцёлам на Беларусі.

2 чэрвеня, у нядзелю, на якую ў Польшчы перанесена ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у Любліне адбылася чарговая ў гэтым навучальным годзе святая Імша і сустрэча для моладзі з Беларусі.

Наколькі вядома, першая такая падзея ў Любліне адбылася зімою пад канец 1996 г. Святую Імшу ў манаскім хоры кляштара братоў капуцынаў тады цэлебраваў сённяшні дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, а колішні студэнт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Юзаф Станеўскі. Такія сустрэчы сталі адбывацца прыкладна раз у месяц і былі перанесеныя ў дом Фонду Яна Паўла ІІ, што знаходзіцца ў цэнтры горада.

У гэтым доме, а дакладней у капліцы святых Кірыла і Мятода, сабралася беларуская моладзь і гэтым разам.

Імшу на беларускай мове цэлебравалі кс. Славамір Ляскоўскі і кс. Ежы Ноцунь, якія больш за 20 гадоў свайго святарскага жыцця прысвяцілі Беларусі, а цяпер нясуць служэнне ў Любліне.

У гаміліі кс. Славамір прапанаваў паразважаць, што для нас азначае Унебаўшэсце Хрыста. Святар адзначыў, што, з аднаго боку, гэта арыенцір, які дапамагае нам расставіць правільныя акцэнты ў сваім жыцці. З іншага боку, дадаў ён, Уваскрослы Хрыстус ужо цяпер прагне рабіць нашае жыццё нябесным.

«Нябесны чалавек гаворыць і дзейнічае, думае па новых прынцыпах, не зямных ужо, але Божых. Неба на зямлі — гэта рэалізацыя Божай волі. Калі адкрываеш і выконваеш Божую волю, Нябёсы ўцелаўляюцца, і праз цябе, беднага грэшнага чалавека, аб’яўляецца сам Бог.

Чалавек нябесны — гэта той, хто дзейнічае моцай Святога Духа. Таму жадаю вам, каб вашыя планы не здзейсніліся», — сказаў святар.

Пасля Эўхарыстыі святкаванне працягнулася супольным смажаннем кілбасак пад кіраўніцтвам братоў марыянаў. Калі смачныя кілбаскі былі з’едзеныя і запітыя беларускім квасам, хтосьці прапанаваў патанчыць, што прысутныя і зрабілі, прыгадаўшы танцы з пілігрымак у Будслаў і навучыўшыся новым — напрыклад, XVI ст.

Сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі сустрэчы.

Ганна, Пружаны: «Мне вельмі падабаюцца гэтыя сустрэчы. Гэта той момант, калі мы, беларускія людзі, католікі, можам быць разам. Гэта заўсёды яднае і ўзмацняе».

Кацярына, Гродна: «Я рада, што сустрэла тут шмат людзей і што яны дзеляцца Богам, тым, што мы разам праслаўляем Бога. Рада і таму, што літургія, спевы ў нас на беларускай мове, а гэта рэдкасць у Польшчы».

Уладзіслаў, Докшыцы: «Гэта цудоўная магчымасць адчуць, што нават тут, на чужой зямлі, мы не адны, і крута, што мы збіраемся ў такую адзіную супольнасць. Нас мала, але мы жывыя, і гэта крута!»

Анастасія і Ганна, Бярдычаў (Украіна): «Мы вельмі ўдзячныя за сустрэчу, бо вельмі любім, калі яднаюцца рыма-католікі, грэка-католікі, беларусы, украінцы… І калі мы ўсе разам, то можам даць сведчанне, што Бог ёсць, што Ён сярод нас.

Мы — духоўныя дзеці Ордэна кармэлітаў, і выдатна, што можам тут даведацца пра св. Францішка і іншыя ордэны. Добры абмен інфармацыяй».

Эвеліна і Аксана, Гомель: «Гэта сапраўды прыемна, такая настальгія па дому. Свая атмасфера. Сустрэлі знаёмых з „музычнай майстэрні“».

Улад, Мінск (на фота злева): «Тут я сустрэў сапраўды адкрытых і душэўных людзей, з якімі магу паразмаўляць на любыя тэмы, і на маёй душы робіцца светла. Заўсёды з сустрэчы забіраю з сабой штосьці новае, карыснае для майго жыцця».

Бр. Вадзім, Ракаў: «Гэта цудоўная магчымасць памаліцца на роднай мове разам.

Адчуць сябе часткай Касцёла паўсюднага, але таксама і Касцёла на Беларусі, і што адно другому не пярэчыць. А таксама мне падабаецца пазнаваць іншага чалавека, адкрываць і перажываць беларускасць».

На сустрэчы сардэчна запрашаюць беларусаў, якія жывуць у Любліне і ў іншых месцах у Польшчы і маюць магчымасць прыехаць.

З прапановай цікавых ініцыятываў можна звяртацца на электронную пошту: e-mail: br.uladzislau.m@gmail.com

 

Абноўлена 05.06.2019 13:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа