Пошук

04.06.2019 12:29   Фота: katolik.life / Catholic.by

1–2 чэрвеня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр упершыню наведаў Гомель, дзе сустрэўся з мясцовымі католікамі і пазнаёміўся з іх жыццём і дзейнасцю.

Падчас першага візіту ў Гомель Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра суправаджалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, пробашч гомельскай парафіі Нараджэння Маці Божай кс. Юрый Варанко і святар Грэка-Каталіцкай Царквы а. Ігар Кандрацьеў.

Прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне распачаў свой візіт у Гомель, наведаўшы дзве дабрачынныя касцёльныя ўстановы: «Дзіцячую вёску» для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якой апякуецца Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas, і «Дом міласэрнасці», якім апякуюцца законніцы з кангрэгацыі сясцёр Місіянерак Любові, заснаванай св. маці Тэрэзай з Калькуты.

У «Доме міласэрнасці» іерарх адзначыў, што папа Францішак будзе рады даведацца пра тое, што ў Гомелі ёсць дом, адкрыты для ўсіх.

«Вялікі дзякуй усім, хто тут дорыць сваё служэнне, за гэты знак любові Бога да чалавека, знак чалавечнасці і хрысціянства», — сказаў арцыбіскуп Пінтэр.

Прадстаўнік Святога Айца таксама сам далучыўся да служэння патрабуючым і дапамог сёстрам у абслугоўванні сталоў для бедных.

Увечары нунцый узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі з гомельскай супольнасцю «Неакатэхуменальнага шляху». У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на заданні вернікаў захоўваць адзінства як неабходнай умове існавання Касцёла — «супольнасці супольнасцяў».

«Будзем вучыцца з радасцю прымаць нашыя адрозненні, якія на самой справе з’яўляюцца дарам, багаццем супольнасці.

Будзем дзякаваць Богу за Яго шчодрасць і асабістую любоў да кожнага з нас, якая не паўтараецца і не робіць копій.

Будзем цешыцца дарам адно аднаго і не дазволім спакусе зайздрасці зачыніць нашыя сэрцы для Божай ласкі. Будзем даваць нашыя дары адно аднаму, служыць імі, бо мой дар — гэта дар і для майго бліжняга», — заахвоціў удзельнікаў Эўхарыстыі Апостальскі нунцый.

У нядзелю прадстаўнік Папы ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў гомельскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У прамоўленым Божым слове ён зноў у цэнтр увагі паставіў адзінства, якое з’яўляецца дарам і заданнем для Касцёла.

«Але што такое адзінства? Хто павінен яго здзейсніць?

Адзінства — гэта мара Езуса. Ён прыйшоў у свет, каб з’яднаць нас з сабою і праз сябе — з Айцом, а таксама каб з’яднаць нас паміж сабою. Гэта заданне Касцёла: працаваць дзеля адзінства людзей з Богам і паміж сабою.

Хрысціянскае адзінства — гэта справа Бога, Яго дар, ласка. Мы самі не можам яго пабудаваць. Аднак мы можам зрабіць нашу частку, каб гэтая ласка мела максімальны эфект», — сцвердзіў арцыбіскуп Пінтэр, заклікаўшы гомельскіх вернікаў зрабіць свой незаменны ўнёсак у справу будавання адзінства Касцёла.

На заканчэнне свайго першага візіту ў Гомель прадстаўнік Папы наведаў месца будаўніцтва новага касцёла і прывітаў супольнасць нядаўна адроджанай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і яе пробашча біскупа Казіміра Велікасельца.

Абноўлена 04.06.2019 13:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця