З 24 па 26 мая ў Смаргоні пры парафіі Cвятога Міхала Арханёла праходзіў Don Bosco Youth Fest — дні моладзі ў салезіянскім стылі.
Удзельнікі фэсту, якiх было больш за 120 чалавек, пачалі прыбываць у Смаргонь вечарам у пятніцу. Каля дзвярэй араторыя іх сустракалі арганізатары, праводзілася рэгістрацыя, рабіліся фотаздымкі.
Цэлебрацыю св. Імшы на пачатак Don Bosco Youth Fest узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
На працягу трох дзён у сваіх настаўленнях біскуп Аляксандр і рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB раскрывалі тэму сустрэчы, якая была сугучнай з дэвізам салезіянскай сям’і на бягучы год: «Святасць таксама і для Цябе!»
Тэма святасці і шляху да яе была закранута і падчас вечара праслаўлення Пана на другі дзень фэсту. Мясцовая моладзь пад кіраўніцтвам дыякана Артура Ляшнеўскага SDB падрыхтавала кранальныя сцэнкі пра жыццё маладых святых і іх шлях да неба: складаны, але магчымы. Дзякуючы акцёрскім талентам маладых людзей удзельнiкi Don Bosco Youth Fest мелi магчымасць блiжэй пазнаёмiцца з такiмi святымi, як Стэфан Шандар, Александрына Марыя Да Коста, Альберто Марвэллі і Слугой Божай Тэрэзай Вальсэ Пантэлліні.
У межах фэсту 24 мая па вуліцах горада прайшла ўрачыстая працэсія ў гонар Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Вернікі парафіі разам з удзельнікамі Don Bosco Youth Fest прайшлі вуліцамі горада, молячыся Ружанец, і адначасова сведчылi пра сваю веру мясцоваму насельніцтву. Плануецца, што працэсія ва ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў будзе адбывацца штогадова.
Акрамя духоўнай часткі, для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны практычныя заняткі: дыскусіі, абмеркаванні і кансультацыі вопытных спецыялістаў, якія дапамагалі моладзi знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.
Моладзь разважала над пытаннем гендарнай роўнасці, вучылася планаваць час i змагацца з хранічнай стомленасцю, разважала над тым, як успрымаць асаблівых дзяцей, падымала пытанні пра залежнасць ад інтэрнэту і сацыяльных сетак, размаўляла пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі і камунікацыю.
У суботу была праведзена культурна-забаўляльная праграма. Юнакі і дзяўчаты знаёміліся са славутасцямі і цікавымі мясцінамі Смаргоншчыны, гулялі ў пейнтбол, ездзілі на роварах, пераадольвалі турыстычную паласу ў лесе, а таксама плавалі на байдарках і лодках па Віліі.
Гэта былi цудоўныя, інтэнсіўныя і вельмі карысныя тры дні, якія дапамаглі паказаць моладзі, што святасць не з’яўляецца нечым нерэальным. Кожны тут мог зразумець, што святасць — гэта плён штодзённай працы, працы разам з Езусам і Марыяй, працы, прасякнутай любоўю і самаадданасцю.