Пошук

24.05.2019 13:03   Паводле: «Астравецкая праўда» / Фота: Марына Мацкевіч / «Астравецкая праўда» / Catholic.by

«Полымя міру» ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія сёлета прымае Беларусь, 23 мая сустракалі каля касцёла ў Гервятах.

Як паведамляе сайт газеты «Астравецкая праўда», сімвалічнае полымя, запаленае 3 мая ў Рыме, сустракалі на плошчы каля адной з самых прыгожых святыняў у Беларусі — касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. Сотні мясцовых жыхароў, большасць з якіх з’яўляюцца католікамі, разам з гарэзлівым лісяняткам Лесікам, што забаўляў дзяцей і дарослых, з хваляваннем чакалі сімвал будучых гульняў.

Ганаровая місія першым пранесці паходню міру па гервяцкай зямлі была даручана ўраджэнцу Варнянаў, шматразоваму пераможцу нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, удзельніку Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Аляксандру Ляховічу.

Пад агульны адлік усіх удзельнікаў быў дадзены старт эстафеце.

Аляксандр Ляховіч у суправаджэнні захавальнікаў «Полымя міру» скіраваўся да касцёла Найсвяцейшай Тройцы і адразу ж трапіў у атмасферу пачатку ХХ ст., калі было завершана будаўніцтва святыні.

Удзельнікаў эстафеты сустрэлі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання народнай культуры Žilvitis, што ў перакладзе з літоўскай мовы азначае «Вярба», дзяўчаты з саматканымі ручнікамі, а каля брамы касцёла спартоўца сустракаў сам… Вацлаў Дамейка з жонкай, які быў асноўным фундатарам будаўніцтва гервяцкага касцёла — сапраўднай пярліны сакральнай архітэктуры Беларусі.

На прыкасцёльным цвінтары пад чароўныя гукі музыкі ў выкананні камернага струннага ансамблю адбылася перадача эстафеты полымя ІІ Еўрапейскіх гульняў. У Гервятах «Полымя міру» завяршыла сваё вандраванне па Гродзенскай вобласці, і адсюль у спецыяльнай лампадзе захавальнікі даставяць яго на Віцебшчыну.

Абноўлена 24.05.2019 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа