Пошук

23.05.2019 11:18   Тэкст: С. Ігнацыя Чаеўская / Фота: Сяргей Васько / Catholic.by

22 мая ў касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве адбылася сустрэча выпускнікоў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі 2000 г. і тых, хто распачаў сваю падрыхтоўку да прыняцця пасвячэння на гэтым курсе, але па розных абставінах завяршаў яе ў іншым месцы.

Цэлебрацыю св. Імшы, на якой сабраліся выпускнікі гэтага вялікага і дружнага курсу, узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які таксама скончыў Гродзенскую семінарыю ў 2000 г.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел таксама іншыя выпускнікі юбілейнага года. Гэта рэдактар беларускай рэдакцыі парталу Vatican News кс. Аляксандр Амяльчэня, канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, дэкан Нясвіжскі кс. канонік Пётр Шарко, віцэ-афіцыял Гродзенскага касцёльнага суда кс. Андрэй Зайко, дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Жодзішках Гродзенскай дыяцэзіі кс. Павел Калеснік, пробашч парафіі ў Лебедзеве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Уладзімір Русак, пробашч парафіі ў Волпе Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віктар Мыслюк, пробашч парафіі ў Крывічах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Віктар Шчучко, пробашч парафіі ў Мосары Віцебскай дыяцэзіі кс. Марат Казлоўскі і пробашч парафіі ў Параф’янаве Віцебскай дыяцэзіі кс. Раман Мурзіч.

З сабранымі ў Параф'янаве духоўна ядналіся і іншыя святары-аднакурснікі, якім іхнія адказныя душпастырскія абавязкі не дазволілі ў гэты дзень далучыцца да сваіх калегаў.

Гэта сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Аргенціне кс. прэлат Аляксандр Рагіня, віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Антоні Грэмза, пробашч парафіі ў Ішчолне Гродзенскай дыяцэзіі кс. Дзмітрый Урбановіч, дэкан Брэсцкі кс. Юрый Хіневіч і кс. Сяргей Альхімёнак, які нясе святарскае служэнне ў Расіі.

У гаміліі біскуп Алег падкрэсліў неабходнасць малітвы аб дары адзінства, якое будуе нашыя сем’і і нашыя супольнасці ў сучасным свеце, поўным падзелаў.

«Гэты дар адзінства, як і саму плённасць нашага хрысціянскага жыцця, усе мы — святары і свецкія вернікі — чэрпаем з адзінай сапраўднай вінаграднай лазы: Езуса Хрыста, без якога, як сам Пан Езус кажа нам у Евангеллі, мы нічога не можам рабіць», — падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да сваіх братоў у святарстве, пастыр Віцебскай дыяцэзіі адзначыў важнасць гэтай сустрэчы для ўсіх тых, хто, несучы сваё служэнне ў розных кутках Беларусі і нават за яе межамі, змаглі прыбыць на гэтую ўрачыстасць, каб разам падзякаваць Богу за пражытыя гады святарства і папрасіць аб неабходных ласках на далейшае жыццё і служэнне Хрысту. Біскуп Алег таксама заахвоціў вернікаў да няспыннай малітвы аб новых пакліканнях да службы Божай з беларускай зямлі.

На заканчэнне Літургіі парафіяне выказалі свае віншаванні і словы падзякі прысутным біскупу Алегу і святарам за іх ахвярнае служэнне.

З вуснаў дзяцей прагучаў верш, які з нагоды ўрачыстасці напісала параф’янаўская парафіянка Марыя Ючкавіч, у якім былі і такія прыгожыя радкі:

Шаснаццаць святароў сям’ёй вялікаю
Сягоння завіталі ў наш касцёл.
Бог даў для вас шматлікія пакліканні.
Красой вясновай ззяе ўсё вакол.

Абноўлена 23.05.2019 20:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа