Пошук

21.05.2019 15:59   Тэкст і фота: Арцём Кір'янаў / Catholic.by

18 мая ў санктуарыі святога Андрэя Баболі ў Янаве Палескім (Іванава) адбыліся ўрачыстасці на ўшанаванне галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі.

Свята з удзелам вернікаў, студэнтаў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага і прапедэўтычнага года семінарый у Пінску і Гродне, шматлікіх святароў з усёй дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Святкаванне распачалося каля «Крыжоў адзінства» на ўскраіне горада, дзе пачалося мучаніцтва святога Андрэя Баболі. Адсюль вернікі ў працэсіі скіраваліся да касцёла-санктуарыя.

Падчас святой Імшы да прысутных звярнуўся з гаміліяй біскуп Антоні Дзям’янка.

Разважаючы пра постаць святога заступніка Пінскай дыяцэзіі, іерарх яшчэ раз нагадаў гісторыю ягонага жыцця і душпастырства на Палессі і ў іншых мясцінах. Ардынарый падкрэсліў, што менавіта на Піншчыне харызма святога Андрэя Баболі праявілася найбольш яскрава, а яго дзейнасць прыносіла незвычайна багаты плён.

«Святы Андрэй Баболя стаў мучанікам адзінства Хрыстовага Касцёла. Тых, да каго ён не дайшоў з Божым Словам, з’яднаў праз мучаніцкую кроў. Да яго магілы з пілігрымкамі ішлі хрысціяне розных канфесій. Ён не перастаў быць апосталам і пасля смерці. Апостальства ён вёў сваім замучаным целам, — адзначыў біскуп. —

Ён, які памёр больш за тры з паловай стагоддзі таму, прамаўляе да людзей трэцяга тысячагоддзя. Ён для нас — прыклад непахіснай веры, якая не адступае і не гіне нават у неймаверным цярпенні».

Іерарх заклікаў не баяцца складанасцяў і перашкодаў, якія часам могуць напаткаць хрысціяніна ў жыцці, бо праз іх чалавек можа хутчэй наблізіцца да святасці.

«Заклікаю ўсіх вас — моцна трывайце ў веры! — сказаў біскуп. — Ёсць шмат сілаў у сучасным свеце, якія хочуць высмеяць веру, падарваць аўтарытэт Касцёла, які веру абвяшчае і абараняе. Перад выклікам сучаснага свету нам нельга забывацца, што вера — гэта каштоўны скарб. Але ўслед за св. апосталам Паўлам памятайма, што гэты скарб мы носім у гліняных начыннях».

Напрыканцы Імшы рэктар Пінскай семінарыі ксёндз Андрэй Рылка ад імя ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі выразіў падзяку дапаможнаму біскупу Казіміру Велькасельцу, які сёлета адзначае 20-годдзе пастырскага служэння на Палессі.

Падчас урачыстасці адбылося асвячэнне новага галоўнага алтара санктуарыя, а пасля Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці мелі магчымасць ушанаваць старадаўні крыж, які для санктуарыя ў Янаве Палескім зрабіў славуты мастак Напалеон Орда.

Завяршылася святкаванне пастырскай сустрэчай духавенства і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі.

 

 

Абноўлена 21.05.2019 16:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.