Пошук

16.05.2019 13:06   Тэкст: Кс. Міхал Цвячкоўскі МІС, Мікола Гракаў / Catholic.by
Архіўнае фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC

14 мая ў сядзібе Апостальскай нунцыятуры ў Мінску прайшла чарговая сустрэча прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Распачаўся сход Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

На пачатку Апостальскі нунцый прывітаў удзельнікаў такімі словамі:

«Мы пачынаем гэты сход, як першыя хрысціяне, цэлебрацыяй святой Эўхарыстыі. Эўхарыстыя азначае „падзяка“. І менавіта гэта перш за ўсё нас яднае. Пасхальная радасць, агульная вера, агульнае пакліканне да асаблівага служэння складаюць фундамент усяго, што мы робім, як індывідуальна, так і супольна».

Асноўнай мэтай ініцыятывы, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, з’яўляецца больш эфектыўная каардынацыя дзейнасці паміж паасобнымі інстытутамі кансэкраванага жыцця і іерархамі Каталіцкага Касцёла.

Згодна з парадкам дня асамблея адзінагалосна зацвердзіла канчатковую рэдакцыю Статута Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, які ў бліжэйшы час будзе перасланы ў адпаведную дыкастэрыю Святога Пасаду для яго зацвярджэння.

Згодна з нормамі новапрынятага дакумента шляхам галасавання прадстаўнікі манаскіх інстытутаў выбралі новае кіраўніцтва Каардынацыйнай групы.

Старшынёй абраны кс. Віктар Гайдукевіч SDB, яго намеснікам — с. Любаміра Кругавая ОР, сакратаром — с. Марцэліна Мігач ISSM.

Акрамя таго, былі выбраныя прадстаўнікі ад кожнай дыяцэзіі: кс. Анджэй Юхневіч ОМІ — прадстаўнік Віцебскай дыяцэзіі, кс. Ян Этэль SCІ — прадстаўнік Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Алег Шпець SChr — прадстаўнік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, с. Таццяна Касабуцкая CSCII — прадстаўніца Пінскай дыяцэзіі.

Удзячныя папярэдняй Радзе каардынацыйнай групы на чале з кс. Міхалам Цвячкоўскім МІС, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў пажадалі благаслаўлёнай і плённай працы кс. Віктару Гайдукевічу і новай Радзе.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр сказаў:

«Карыстаючыся нагодай, я ўсім сэрцам прагну падзякаваць вам ад імя папы Францішка і ад сябе асабіста, дарагія, за вашае адданае і ахвярнае служэнне. Прашу вас перадаць гэтыя словы кожнаму члену вашых ордэнаў: падзяку, пашану і духоўную блізкасць».

Абноўлена 16.05.2019 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця