Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА IV ВЕЛІКОДНУЮ НЯДЗЕЛЮ (НЯДЗЕЛЮ ДОБРАГА ПАСТЫРА) 2019 ГОДА
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!
Сёння, у IV Велікодную нядзелю, якая называецца традыцыйна нядзеляй Добрага Пастыра, мы ўжо ў 56-ы раз перажываем разам з усім паўсюдным Касцёлам Сусветны дзень малітваў аб пакліканні. Гэты дзень з’яўляецца для нас асаблівым напамінам, што Пан Бог у сваёй бясконцай мудрасці і дабрыні не толькі дорыць нам жыццё, не толькі дае нам у карыстанне ўвесь створаны Ім свет, але і адорвае нас пакліканнем, значыць указвае кожнаму з нас адзіны, непаўторны, найлепшы для нас жыццёвы шлях і нястомна клапоціцца аб тым, каб гэты шлях вёў да мэты, якой з’яўляецца вечнае збаўленне.
На гэтым шляху паклікання да збаўлення мы не адны. Нас вядзе Хрыстус Пан, які кажа пра сябе: «Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне» (Ян 10, 14).
Пры гэтым Ён звяртаецца да вядомага біблейскага матыву пастыра і авечак.
У Старым Запавеце ізраэльцяне называлі Бога Пастырам, бо, як пастыр вядзе свой статак на зялёную пашу, так Айцец Нябесны вёў свой выбраны народ з егіпецкай няволі ў абяцаную зямлю. Уся гісторыя Ізраэля з’яўляецца ўзрушальным сведчаннем вернай і безумоўнай любові Бога, Яго айцоўскага клопату і чулай апекі над сваім народам. Таму чарговыя пакаленні ізраэльцян з гонарам і ўдзячнасцю вызнавалі сваю прыналежнасць Богу: «Мы Ягоныя. Мы Яго народ, і авечкі Ягонай паствы.» (Пс 100 (99), 3).
Калі Езус Хрыстус называе сябе добрым пастырам, які ведае сваіх авечак і дае ім жыццё вечнае (пар. Ян 10, 27–28), Ён указвае адназначна на здзейсненую ім справу адкуплення. У Пасхальнай таямніцы Сын Божы ўзяў на сябе нашыя грахі, аддаў сябе дабравольна цярпенню і смерці, склаў за нас у ахвяры на крыжы сваё зямное жыццё, каб мы маглі атрымаць у дар жыццё вечнае.
Як хрысціяне моцай сакрамэнту святога хросту мы належым да народа Новага Запавету, утвараем супольнасць Касцёла — аўчарню Хрыста, Добрага Пастыра. «Мы Яго народ і авечкі Ягонай паствы», — паўтаралі мы хвіліну таму рэфрэн псальма. Мы верым, што Хрыстус Уваскрослы прысутнічае, жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, калі сказаў нам: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Mц 18, 20).
Гэтая прысутнасць Езуса Хрыста ў Касцёле найбольш відавочная ў абвяшчаным слове Евангелля і ва ўдзяленні святых сакрамэнтаў. Яна рэалізуецца дзякуючы служэнню біскупаў, святароў і дыяканаў.
Таму сёння асаблівым чынам мы запрошаны засяродзіцца над таямніцай святарскага паклікання.
Падобна як падчас сваёй зямной дзейнасці Пан Езус сам выбіраў і клікаў пэўных людзей, каб яны станавіліся Яго вучнямі і потым працягвалі справу абвяшчэння Добрай Навіны, так і сёння Хрыстус Уваскрослы адорвае ласкай паклікання тых, каго сам выбірае, каб у Яго імя і Яго моцай спаўнялі служэнне навучання, асвячэння і кіравання ў Яго Касцёле.
«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16), — гэтыя словы Пана Езуса, скіраваныя калісьці да вучняў, паказваюць сутнасць паклікання. Яно заўсёды з’яўляецца дарам Хрыста, і дарам не толькі для самога пакліканага, але і для ўсёй супольнасці Касцёла. Бо кожны святар служыць тым, да каго пасылае яго Хрыстус Пан.
Дарагія браты і сёстры!
Паколькі пакліканне да святарства — дар Хрыста для Яго Касцёла, нашай задачай і абавязкам як членаў Касцёла з’яўляецца малітва аб пакліканнях, каб не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Добрую Навіну і ўдзяляе святыя сакрамэнты. Да такой малітвы заахвочвае нас на старонках Евангелля сам Езус Хрыстус, кажучы: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё» (Лк 10, 2). Гэтыя словы нашага Пана ёсць і застануцца заўсёды актуальнымі.
Вернікі старэйшага і сярэдняга ўзросту добра памятаюць часы, калі Касцёл на нашых землях пакутаваў з-за адсутнасці святароў.
Тыя святыні, які не былі зруйнаваны або забраны для свецкіх мэтаў, засталіся асірацелымі, пазбаўленымі душпастыраў, а вернікі мусілі нярэдка пераадольваць дзясяткі кіламетраў, каб магчы ўдзельнічаць у нядзельнай святой Імшы, прыступіць да сакрамэнту паяднання, ахрысціць дзіця ці заключыць сакрамэнтальны сужэнскі саюз.
На шчасце, з пачатку 90-х гадоў сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Дзякуючы адкрыццю ў Гродне Вышэйшай духоўнай семінарыі, якая выпусціла шматлікіх маладых святароў, удалося вярнуць нармальнае пастырскае служэнне амаль ва ўсіх парафіях дыяцэзіі, у некаторых месцах былі арганізаваны новыя парафіяльныя супольнасці, дынамічна развіваецца спецыялізаванае душпастырства.
Нягледзячы на гэтыя пазітыўныя змены, трэба сцвердзіць, што колькасць святароў у нашай дыяцэзіі ўсё яшчэ недастатковая. Больш за тое, з непакоем мы назіраем, як з году на год памяншаецца колькасць кандыдатаў да святарства. З розных прычын сучасная моладзь мае сур’ёзныя цяжкасці з прыняццем дару паклікання, часта проста баіцца адказаць «так» на запрашэнне Езуса: «Ідзі за Мной».
Таму прашу кожнага з вас, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, аб малітве ў інтэнцыі пакліканняў да святарства, асабліва ў нашым Касцёле на Гродзеншчыне.
Няхай з нашых вуснаў і сэрцаў будзе сыходзіць гарачая і поўная даверу просьба да Хрыста, Пана жніва, выслаць новых, шматлікіх, руплівых і святых работнікаў на Яго жніво. Будзем верыць, што нашыя малітвы, а таксама добрыя ўчынкі, адрачэнні і цярпенні, ахвяраваныя ў інтэнцыі пакліканняў, прынясуць плён узрастання колькасці тых, хто адважыцца пайсці за Хрыстом і прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Божага Валадарства.
Дзякую ўсім вам, дарагія браты і сёстры, якія духоўна і матэрыяльна падтрымліваеце справу пакліканняў. Цешуся, што ўжо некалькі гадоў развіваецца ў нашай дыяцэзіі апостальства «Маргарытка», якое аб’ядноўвае тых, хто малітвай і ахвярай падтрымлівае святароў у рэалізацыі іх паклікання. Дзякую за кожны духоўны дар, за кожны ўчынак дабрыні ў дачыненні да святароў, за кожную малітву ў інтэнцыі пакліканняў.
На заканчэнне звяртаюся да вас, маладыя людзі, якія толькі рыхтуецеся ўвайсці ў дарослае жыццё і таму разважаеце над выбарам свайго жыццёвага шляху.
Быць можа, не адзін з вас чуе ў сваім сэрцы голас Хрыста, які запрашае пайсці за Ім шляхам святарскага паклікання. Жадаю вам адвагі і мудрасці, каб вы гэтае запрашэнне прынялі і рэалізавалі ва ўласным жыцці.
Таму прашу, каб вы з увагай і даверам услухаліся ў словы Святога Айца Францішка з сёлетняга Паслання на Сусветны дзень малітваў аб пакліканні: «Няма большай радасці, чым рызыкнуць жыццём для Пана! Асабліва вам, маладым людзям, хацеў бы сказаць: не будзьце глухімі на заклік Пана! Калі Ён пакліча вас на гэты шлях, <…> даверцеся Яму. Не дайце заразіць сябе страхам, які паралізуе нас перад абліччам высокіх вяршыняў, якія прапануе нам Пан. Заўсёды памятайце, што тым, якія пакінуць сеткі і лодку, каб пайсці за Ім, Пан абяцае радасць новага жыцця, якая напаўняе сэрцы і ажыўляе пілігрымаванне».
На велікадушнае і ахвотнае ўключэнне ў справу малітвы аб пакліканнях для дабра мясцовага Касцёла ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, з сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі