26 красавіка прадстаўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ксёндз канонік Францішак Рудзь узяў удзел у памятным мерапрыемстве, прысвечаным 33-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Каля памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», што ўсталяваны побач з мемарыяльнай капліцай у сталічным парку Дружбы народаў, прайшоў мітынг-рэквіем, арганізаваны па ініцыятыве Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту. У памятным мерапрыемстве ўзялі ўдзел ліквідатары аварыі на ЧАЭС, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі, рэлігійных супольнасцяў і шэрагу арганізацый.
Кветкі да помніка ўсклалі, між іншым, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк, ураджэнец горада Хойнікі Гомельскай вобласці, аднаго з найбольш пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.
Нагадаем, што 17 снежня 2003 г. Генеральная асамблея ААН абвясціла 26 красавіка Міжнародным днём памяці ахвяраў радыяцыйных аварый і катастроф. Для сучаснага свету важна памятаць наступствы памылак у выкарыстанні мірнага атаму.
Вопыт, які атрымалі папярэднія пакаленні навукоўцаў і ліквідатараў атамных катастроф, медыкаў і мірных жыхароў у барацьбе за жыццё і здароўе, бясцэнны для нас. Ён дапамагае правільна вызначаць дзеянні ў далейшым выкарыстанні мірнага атаму і з поўным пачуццём адказнасці падыходзіць да гэтай справы, каб больш ніколі не дапусціць магчымых разбуральных наступстваў.
Будзем маліцца аб тым, каб Бог даў людзям мудрасць у выкарыстанні атамнай энергіі і захаваў свет ад катастрофаў, падобных да той, якая 33 гады таму выбухнула на нашай зямлі.