23 красавіка ў Варнянах адзначылі 250-годдзе пабудовы і асвячэння парафіяльнага касцёла св. Юрыя.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, юбілейныя ўрачыстасці ў дзень успаміну святога апекуна варнянскай парафіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падзякаваць за дар святыні, якая ўжо чвэрць тысячагоддзя служыць месцам сустрэчы з Богам для мясцовых вернікаў, сабраліся святары Астравецкага дэканату, парафіяне і шматлікія госці.
Падчас Эўхарыстыі яе ўдзельнікі асаблівым чынам маліліся за ўсіх будаўнікоў і ахвярадаўцаў гэтага касцёла. Яны таксама агарнулі малітвай групу моладзі, якая ў гэты дзень прыняла сакрамэнт канфірмацыі.
Пробашч парафіі кс. Павел Звяжынскі на пачатку распавёў гісторыю святыні, якая была пабудавана дзякуючы фундацыі Марыяны Абрамовіч і асвячана ў гонар св. Юрыя біскупам Віленскім Тадэвушам Зянковічам у 1769 г. У перыяд з 1880 па 1909 гг. касцёл быў рэканструяваны і перабудаваны.
У 1948 г. святыня была зачынена бязбожнымі савецкімі ўладамі. Некалькі гадоў у касцёле захоўвалася збожжа мясцовага калгаса, а пазней — мінеральныя ўгнаенні.
Касцёл быў вернуты парафіі ў 1989 г. і адноўлены намаганнямі мясцовых вернікаў.
Паўторнае асвячэнне касцёла здзейсніў 11 красавіка 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тагачасны Апостальскі адміністратар для католікаў на Беларусі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да парафіянаў, адзначыў, што трэба нястомна дзякаваць Богу за тое, што на нашай зямлі ёсць святыні, якія служаць нам як месцы сустрэчы з Найвышэйшым.
Іерарх падкрэсліў, што ў святыні адбываецца сустрэча са Стварыцелем і чалавек узгадвае пра сваё канчатковае прызначэнне.
На заканчэнне Імшы маладыя людзі падзякавалі біскупу за ўдзяленне ім сакрамэнту хрысціянскай сталасці і паабяцалі, што, як і іх продкі, яны будуць дбаць пра святыню, якая з’яўляецца домам Божым.
Яны таксама далі абяцанне, што будуць нястомна супрацоўнічаць з Божай ласкай, каб заўсёды быць сапраўднымі сведкамі Уваскрослага Пана дома і ў асяроддзі аднагодкаў.